Крывое Сяло: вецер аднаўлення
Галоўнае – добрая дарога
У Крывым Сяле паклалі новы асфальт на цэнтральнай вуліцы Геаргіядзэ, адрамантавалі дарогу па вуліцы Лугавой. Брыгада ДРБУ-204 працавала тут і падчас нашага прыезду ў аграгарадок.
– Аднаўляем бардзюр, – расказаў майстар прадпрыемства А. І. Сяргееў. – Тратуарную дарожку будзем пракладваць ад канторы ў бок магазіна.
А вось жыхары вуліцы Маладзёжнай не задаволены: на іх вуліцу не паклалі новы асфальт, а толькі падсыпалі шчэбенем. Аднак і пасля гэтага на дарозе засталіся выбоіны, і тут падчас дажджу стаяць лужыны…
Напрамак – на развіццё вытворчасці
Які ж аграгарадок без аднаўлення вытворчай сферы!
“Работы ў гэтым накірунку пачалі з пачатку года, – расказвае кіраўнік СВК “Прыдзвінскі” В. І. Дзятлаў. – Шмат зрабілі дарожнікі на тэрыторыі майстэрні – адрамантавалі дарогу, заасфальтавалі пляцоўку ля зернетока. Сваімі сіламі навялі парадак ля заправачнай станцыі, разабралі дзіравы дах былой майстэрні, будзем яго аднаўляць”.
Прыклалі рукі і да жывёлагадоўчых аб’ектаў. На фермах у Крывым Сяле памянялі гноетранспарцёры, заасфальтавалі пляцоўкі для сенажу. Але яшчэ большыя перамены наперадзе – рамонт клюшачніка ў Свярдлах, дзе плануюць зрабіць малочнатаварную ферму на 200 галоў.
Будаўніцтва і наваселлі
У гэтым годзе ў Крывым Сяле пабудаваны чатыры дамы. На новае жыллё пашчасціла работнікам СВК “Прыдзвінскі”. Наваселлі справілі механізатары Аляксандр Аляксееў, Юрый Літвінаў, Дзмітрый Бязрукаў і галоўны энергетык Віталь Ціханавец.
Як нам расказала старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава, выбрана месца і яшчэ для шасці дамоў – насупраць зернетака і непадалёк ад калгаснай сталоўкі. Будаўніцтва будзе распачата ў наступным годзе.
Якасць гарантуецца
Працэдурны, акушэрскі, фізіятэрапеўтычны і дзіцячы кабінеты, прыёмны пакой будуць працаваць у адноўленай амбулаторыі. Сёння тут работы ідуць да завяршэння. Зроблена ўжо нямала: адрамантаваны дах, вырашаны праблемы з ацяпленнем, і знешні выгляд мяняецца.
Галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў запэўніў, што і на сяле медыцынскае абслугоўванне будзе адпавядаць самым высокім патрабаванням. Работы ў амбулаторыі завершацца да пачатку снежня.
Пачытаем
У Крывасельскай сельскай бібліятэцы ідзе касметычны рамонт, у бліжэйшы час у чытальнай зале будзе зроблена добрае асвятленне. А ў наступным годзе з’явіцца і новая мэбля.
Новыя паслугі
Пашыраюць свае паслугі ў аграгарадку аддзяленні паштовай сувязі і “Беларусбанка”. Тут даўно зразумелі, што адным еўрарамонтам кліентаў да сябе не заманіш, таму пастаянна павялічваюць спектр паслуг.
Акрамя традыцыйных паслуг, прапаноўваецца камп’ютар з выхадам у Інтэрнэт, устаноўлены счытвальнік банкаўскіх картак, які дазволіць людзям не толькі аплачваць паслугі, але і здымаць грошы з картак.
У аддзяленні “Беларусбанк” з’явіўся картрыдар, і цяпер насельніцтва праз банкаўскую картку безнаяўным шляхам можа аплаціць за камунальныя паслугі, за паслугі мабільнай сувязі, разлічыцца за крэдыт. У планах – адкрыць у Крывым Сяле і пункт абмена валют.
Для вучобы і спорту
1 верасня вучні Крывасельскай школы прыйшлі ў адноўлены будынак.
– Выраўнілі сцены, адрамантавалі столь, памянялі падлогу, зрабілі новае асвятленне, замянілі вокны і дзверы, – расказала дырэктар Крывасельскай дзіцячы сад-пачатковай школы І. В. Пруднікава. – На рамонт, які доўжыўся амаль тры месяцы, затрацілі больш за 180 мільёнаў рублёў. Сёння школа светлая і прыгожая, тут прыемна працаваць.
Рамонт унутры школы закончаны поўнасцю, аднак на вуліцы работ яшчэ хапае. Будуць рабіць пандус з поручнямі, будаваць ганак і дашак над ім, фасад школы будзе абтынкаваны і пафарбаваны. Вакол школы будзе агароджа, кветнікі. Але гэта ўжо вясной.
У крывасельскіх школьнікаў з’явілася і нядрэнная спартыўная зала, яе зрабілі ў будынку былой майстэрні. Сюды мяркуюць закупіць трэнажоры, і вечарамі спартзалу змогуць наведваць дарослыя.
Што датычыць прыбудовы да Крывасельскай школы, то, як расказаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў, работы па яе ўзвядзенню хутка пачнуцца. Але завяршыць іх у гэтым годзе не паспеюць. На наступны год у прыбудову перавядуць дзіцячы садок, бо сённяшні яго будынак патрабуе рамонту.
Навагодняя дыскатэка будзе ў новым клубе
Нязручна пакуль мясцовай моладзі з Крывога Сяла – клуб зачынены на рамонт, дыскатэкі праводзяцца ў былым швейным цэху. Але гэта часова.
Будынак сельскага клуба мяняецца на вачах. Замянілі дах, падрыхтавалі падлогу пад сцяжку, аднавілі дахавае перакрыццё.
– Спецыялісты ПМК-70 і прыватнай арганізацыі “Кансультант” стараюцца, – пахваліла загадчыца клуба Наталля Радкевіч. – Мяркуем, што навагоднія дыскатэкі будзем праводзіць у адноўленым клубе.
– На рамонт клуба пайшло ўжо 70 мільёнаў рублёў, – расказаў начальнік ад-дзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук. – Нядаўна выдзелілі яшчэ дзесяць мільёнаў – на гіпсакардон. А ўвогуле, каб завяршыць работы поўнасцю, патрабуецца яшчэ каля 120 мільёнаў. Нават калі грошы не будуць выдзелены своечасова, работы не прыпынім – ёсць дамоўленасць з падрадчыкамі, што яны будуць працаваць у доўг.
У Каўлякоўскім клубе будуць сучасныя танцавальная і глядзельная залы.
Замест аднаго – два магазіны
Раней у Крывым Сяле быў адзін магазін, у якім прадавалі як прадуктовыя, так і прамысловыя тавары. Райспажыўтаварыства прыняло рашэнне раздзяліць крамы. Як адзначыў старшыня праўлення райспажыўтаварыства В. В. Доктараў, гэта дазволіць значна пашырыць асартымент тавараў.
Прамысловы магазін ужо сёння амаль гатовы расчыніць дзверы пакупнікам. Рамонт зроблены, абсталяванне ўстаноўлена. Справа засталася за малым: завезці ў аграгарадок тавары і па-сучаснаму падаць іх людзям.
Завезена абсталяванне і для прадуктовага магазіна, устаноўлена сучаснае халадзільнае абсталяванне. Дарэчы, тут будзе пяць новых халадзільных вітрын.