Здаровая эканоміка – здаровы бюджэт
Работа фінансістаў – адна з самых непрыкметных і непублічных. Яны рэдка “свецяцца” на старонках газет ці ў тэлевізійным эфіры. Але ад іх граматнай, зладжанай працы залежыць функцыянаванне вытворчасці і сацыяльнай сферы, своечасовая выплата заробкаў і пенсій. І калі кажуць, што “грошы – гэта кроў эканомікі”, то фінансавыя органы – гэта сэрца эканомікі, якое размяркоўвае грошы па ўсіх патрэбных накірунках. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Аленай Савельеўнай Сідарэнка і яе намеснікам Аксанай Іванаўнай Лебедзевай.
– Алена Савельеўна, адышоў у гісторыю 2013 год, з якімі вынікамі завяршыўся фінансавы год для нашага раёна? Як складваліся даходы бюджэту, куды пайшлі сабраныя грошы?
– За 2013 год у бюджэт раёна паступіла 72 338 мільёнаў рублёў, што на 21 268,1 мільёна рублёў больш, чым у мінулым годзе і на 4 375 мільёнаў больш запланаванага.
У структуры даходаў найбольшую ўдзельную вагу займае падаходны падатак (43,8%) падатак на дабаўленую вартасць (24%), падаткі на ўласнасць (11,4%), плацяжы з выручкі па асобных рэжымах падаткаабкладання (6,7%), кампенсацыі затрат дзяржавы (4,4%). Асноўнымі плацельшчыкамі ў бюджэт раёна з’яўляліся УП “Обальскі керамічны завод”, СТАА “Вежа”, ЗП “Славянскі прадукт”, УП ЖКГ.
Плацельшчыкі дзяржаўнага сектара эканомікі забяспечылі паступленне ў бюджэт раёна 32,9%, на долю недзяржаўнага прыходзіцца 62,3%.
З улікам паступіўшых уласных даходаў і бязвыплатных паступленняў у бюджэт раёна, расходы бюджэту раёна за 2013 год склалі 205 775,4 мільёна рублёў, што на 48 599, 6 мільёна больш, чым у 2012 годзе. За кошт уласных даходаў прафінансавана 35,2% усіх расходаў, за кошт датацыі – 56,1%, за кошт іншых міжбюджэтных трансфертаў – 8,7%.
Бюджэт захаваў сацыяльную накіраванасць. За 2013 год расходы на сацыяльную сферу склалі 70,9%. Расходы на адукацыю у агульных расходах склалі 41,75%, ахову здароўя – 17,3%, сацыяльную палітыку – 4,5%, культуру – 5,5%, фізічную культуру – 1,7%.
На галіны нацыянальнай эканомікі і жыллёва-камунальную гаспадарку накіравана 24,4% расходаў.
– Што чакае нас ў 2014 годзе? Ці павялічацца паступленні ў раённы бюджэт?
На 39-й сесіі раённага Савета дэпутатаў быў прыняты бюджэт Шумілінскага раёна на 2014 год. Агульная сума даходаў раённага бюджэту (без уліку бязвыплатных паступленняў) прагназуецца з ростам на 5,5 працэнтных пунктаў, у аб’ёме 77 035,6 мільёна рублёў.
На 2014 год захавана стаўка падатку на прыбытак ў памеры 18% і ў памеры 20% па падатку на дабаўленую вартасць.
Таксама з рэспубліканскага бюджэту ў 2014 годзе прадугледжваюцца бязвыплатныя паступленні для перадачы ў бюджэт раёна ў агульнай суме 146 607,2 мільёна рублёў. У выніку даходы па бюджэту раёна на 2014 год складуць 223 642,8 мільёна рублёў. Удзельная вага ўласных даходаў складзе 34,4%, датацыі – 64, 8%.
– Як жа будуць выдаткоўвацца атрыманыя сродкі? Ці захавае раённы бюджэт сацыяльную накіраванасць?
У размову уключаецца А. І. Лебедзева:
— Расходы раённага бюджэту на 2014 год адпавядаюць даходам і прагназуюцца ў суме 223 642,8 мільёна рублёў. У аб’ёме бюджэту расходы на невытворчую сферу складуць 76,5%, на народную гаспадарку – 23,5%.
На сацыяльную сферу плануецца накіраваць 68% ад агульнага аб’ёму расходаў бюджэту: 38,5% — адукацыя, 17,1% — ахова здароўя, 5,1% — сацыяльная палітыка, 7,2% –фізічная культура, спорт, культура.
Агульны аб’ём асігнаванняў у бюджэце раёна па ЖКГ на 2014 год прадугледжаны ў суме 48 247,6 мільёна рублёў.
Расходы на добраўпарадкаванне населеных пунктаў запланаваны з улікам сельскіх населеных пунктаў ў суме 2 521,4 мільёна рублёў.
– Алена Савельеўна, што вы хацелі б пажадаць работнікам фінансавых органаў раёна напярэдадні прафесійнага свята?
– Віншую ўсіх работнікаў і ветэранаў фінансавай службы з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым і Днём фінансавага работніка. Жадаю усім здароўя, міру, сямейнага дабрабыту, шчасця і любові.
– Дзякуй за размову. Поспехаў вам у вашай адказнай працы.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2014 г.