На варце законнасці – следчыя Шуміліншчыны
1 студзеня 2012 года ў Беларусі пачаў працу Следчы камітэт. З гэтага часу пачалі працаваць і раённыя аддзелы. Шумілінскі аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь амаль з першых дзён узначаліў Руслан Васільевіч КУРКЛІНСКІ. Пра тое, якімі справамі жыве аддзел, Руслан Васільевіч дзеліцца з чытачамі раённай газеты.
– Асноўнымі задачамі Следчага камітэта з’яўляюцца:
усебаковае, поўнае і аб’ектыўнае расследаванне злачынстваў;
абарона законных інтарэсаў грамадзян;
захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў пра злачынствы;
узаемадзеянне з органамі пракуратуры, унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі;
ажыццяўленне мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў, умацаванні выканаўчай, службовай і працоўнай дысцыпліны;
разгляд згодна з заканадаўствам зваротаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб.
Сёлета раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь закончыў следства па 160 матэрыялах (летась 147), накіраваў у суд 110 спраў, у тым ліку 50 у парадку паскоранай вытворчасці. Па гэтых справах абвінавачваюцца 130 чалавек, узята пад арышт 35 чалавек.
Што тычыцца злачынстваў. Па-ранейшаму ў раёне пераважаюць крадзяжы (136 матэрыялаў, узбуджана 113 крымінальных спраў). Шмат спраў звязаны з ухіленнем бацькоў ад выхавання ўласных дзяцей ці кампенсацыі выдаткаў на іх утрыманне (33 матэрыялы, узбуджана 28 крымінальных спраў). У раёне за год адбылося 3 забойства, 7 фактаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Па ўсіх гэтых злачынствах узбуджаны крымінальныя справы. Ёсць і параўнальна новыя віды злачынстваў: 10 матэрыялаў звязана з крадзяжамі з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, два – з вырабам і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў.
Некалькі слоў пра аддзел. У нас працуе 12 супрацоўнікаў, з іх 8 следчых. Сярэдні ўзрост калектыву – 29 год, пяць супрацоўнікаў у праваахоўных органах звыш 10 год, тры – да аднаго года. Восем работнікаў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, тры – з сярэдне-спецыяльнай юрыдычнай, дарэчы, яны атрымліваюць вышэйшую адукацыю.
Карыстаючыся момантам, хочацца павіншаваць усіх жыхароў нашага раёна з надыходзячым Новым годам, пажадаць, каб у іх сем’ях быў спакой і лад.
Падрыхтаваў
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2013 г.