«Наши дети». В Шумилинском районе проходят новогодние праздники для детей

Актуалии Общество

Падарылі казачныя прыгоды
27 снежня адбылося раённае навагодняе дабрачыннае свята, на якое запрасілі дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным стане.
Як расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Касцюк, на падарункі для дзяцей было выдаткавана з раённага бюджэту 16,3 мільёна рублёў, набылі 304 падарункі, для дзяцей-сірот падарункі куплялі з абласнога бюджэту. Вера Мікалаеўна выказала словы падзякі работнікам базы райспажыўтаварыства, якія аператыўна арганізавалі дастаўку падарункаў.
Сёлета на навагодняе прадстаўленне прыйшло шмат дзяцей і іх бацькоў.  Глядзельная зала ў гарадскім Доме культуры была поўная. Ад імя раённых уладаў з навагоднімі віншаваннямі і пажаданнямі да дзяцей і бацькоў  звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Работнікі Дома культуры падрыхтавалі навагоднюю казку. Забаўляльную праграму ля ёлкі праводзілі разам з работнікамі культуры метадысты раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Цудоўнае свята напярэдадні Новага года пакінула незабыўныя ўражанні ў дзяцей, якія актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх святочных гульнях, забавах і прыгодах.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
У чаканні казкі і цудаў
У чаканні казкі і цудаў у гэтыя пераднавогоднія дні нашы дзеці. І як добра, што знаходзяцца сярод нас людзі, згодныя дзяліцца сваёй спагадай і шчодрасцю, якія ствараюць для іх сапраўдныя святы.
26 снежня работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі для сваіх маленькіх падапечных – дзетак-інвалідаў – навагодні дабрачынны агеньчык. На мерапрыемства завіталі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. Г. Навіцкая, старшыні раённых грамадскіх аб’яднанняў: ветэранскай – К. Ф. Палоўнікава і інвалідаў – Л. М. Нагібава.
Падрыхтаваць цікавы і казачны сцэнарый і вывучыць ролі работнікам ТЦСАН аказалася пад сілу, а вось у набыцці навагодніх падарункаў для 52 дзетак-інвалідаў з усяго раёна дапамаглі шчырыя на добрыя ўчынкі людзі. У тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць даўнія надзейныя сябры: раённае аддзяленне Беларускага Фонду Міру (старшыня Л. В. Шаўцова) і прадпрыемства меліярацыйных сістэм (старшыня прафсаюза М. С. Забалоцкая), якія не першы год выступаюць спонсарамі дзіцячых навагодніх святаў. Сёлета да іх далучыліся прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы: “Тамара-гандаль” (А. Трошка), “Айвентус” (Н. Ісаковіч), “Каралеўскае” (А. Лізункоў), “Казарка” (А. Голубеў), “Арэал-аўта” (м-н “Смайл”, Д. Геваркян), а таксама ІП В. І. Васілеўскі і раённая арганізацыя “Беларускага саюза жанчын” (старшыня В. Навіцкая). Агульнымі намаганнямі дарослыя падарылі дзецям свята.
Алена КАРПУШЭНКА.
Дзед Мароз завітаў у бальніцу
У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” дзевяцікласнікі СШ № 1 правялі дабрачыннае мерапрыемства “Падзяліся цеплынёй душы сваёй”, з навагодняй казкай яны наведалі дзіцячае аддзяленне райбальніцы.
Трэба адзначыць, што такая акцыя для СШ № 1 стала ўжо традыцыйнай. Старшакласнікі ў касцюмах казачных герояў весялілі дзяцей: разам з імі  вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі, гулялі ў гульні.
У акцыі прынялі ўдзел старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” В. Г. Навіцкая, першы сакратар райкама ГА БРСМ А. Ю. Хмарын, намеснік старшыні  камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама  Л. А. Грузневіч.  Яны павіншавалі дзяцей з надыходзячымі навагоднімі святамі. Ад аддзела адукацыі райвыканкама кожнае дзіця (іх было 20) атрымала салодкі падарунак.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Новы год у СШ №1
Шмат навагодніх мерапрыемстваў, як і павінна быць, ладзілася і ў самай вялікай школе нашага раёна. Чатыры навагоднія ранішнікі з тэатралізаванымі пастаноўкамі, гульнямі, забавамі, карагодамі вакол ёлкі разам з Дзедам Марозам, Снягуркай, іншымі казачнымі персанажамі прайшлі для вучняў пачатковых класаў.
Асобна ладзіліся навагоднія прадстаўленні для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў. Вучні СШ №1 наладзілі дабрачыннае прадстаўленне для дзяцей, што праходзяць лячэнне ў стацыянары ЦРБ, а таксама наведалі Обальскі сацыяльны прытулак з канцэртам і падарункамі. Без перапынку ў гэтыя дні працавала майстэрня Дзеда Мароза, дзякуючы чаму ўдалося да свята ўпрыгожыць усю школу. У школе працуюць выставы плакатаў, паштовак, зімовых букетаў, сценгазет і шмат, шмат чаго яшчэ, што дазваляе зрабіць выснову, што Новы год СШ №1 сустракае годна. Пра ўсё гэта газеце паведаміла педагог-арганізатар С. У. Емяльянава.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Энергічны Дзед Мароз задаваў тон святу
Ёлка, усмешкі, хлапушкі, дожджык, каляровыя агеньчыкі, сняжынкі, прыгожыя касцюмы і Дзед Мароз са Снягуркай – усё гэта Новы год. Ён прыносіць добры настрой і сюрпрызы – у гэтым упэўніліся на святочным ранішніку дзеці, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах Цэнтра дзяцей і моладзі.
Навагодні ранішнік, які падрыхтавалі работнікі Цэнтра сумесна з работнікамі гарадскога Дома культуры, прайшоў весела. Энергічны Дзед Мароз задаваў тон усяму святу: разам з дзецьмі, скакаў, спяваў. І рабяты былі надзвычай актыўнымі, яны прымалі ўдзел у гульнях, загадвалі загадкі, расказвалі вершы. Многія з дзяцей прыйшлі на свята ў арыгінальных навагодніх касцюмах.
Перад Новым годам у Цэнтры дзяцей і моладзі адбыліся яшчэ два ранішнікі.  Гэтак жа весела прайшло свята для дзяцей, якія вучацца ў школе ранняга развіцця “Светлячок”. Не менш прыгожым атрымалася свята і  для дарослых, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах у рамках праекта “Жывая гісторыя майго краю”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *