Дед Мороз заглянул на ферму

Актуалии Общество Сельское хозяйство

1800 падарункаў для дарослых
Не толькі для дзяцей, але і для дарослых Новы год асацыіруецца з падарункамі. Іх прыемна атрымліваць, але не менш прыемна і дарыць. Нямала цудаў перад навагоднімі святамі падрыхтавалі работнікі аграпрамысловага комплексу.
У ААТ “Лаўжанскае”, напрыклад, напярэдадні Новага года Дзед Мароз са Снягуркай аб’ехалі  ўсе фермы, майстэрню, жывёлагадоўчы комплекс, будаўнічую брыгаду і ўручылі ўсім салодкія падарункі. Лаўжанскія Дзед Мароз са Снягуркай пабывалі ў Обальскім прытулку – завезлі кожнаму дзіцяці па падарунку. “Аказалі мы і спонсарскую дапамогу: мясцовай школе на падарункі выдзелілі 1,3 мільёна рублёў, а дзіцячаму садку – 500 тысяч рублёў”, – кажа  старшыня прафкама акцыянернага таварыства Л. П. Купрыянава.
Навагоднім спонсарам  выступіла і СФГ “Раднік”: для Мішкаўскай школы закупілі цукерак на 750 тысяч рублёў, выдзелілі мясцоваму клубу 500 тысяч рублёў на навагоднія сувеніры. Па словах намесніка кіраўніка гаспадаркі А. Э. Драп, кожны работнік сялянска-фермерскай гаспадаркі атрымаў кілаграмовы салодкі падарунак. А на фермах Макаўе і Мішкавічы  для жывёлаводаў быў арганізаваны салодкі стол. Акрамя таго, на фермы ў пераднавагоднія дні завіталі работнікі мясцовых бібліятэкі і клуба, прынеслі падарункі, зробленыя рукамі дзяцей. Атрымаліся сапраўдныя навагоднія выставы.
“А як жа без упрыгожвання пакояў адпачынку? – кажа старшыня прафкама ААТ “Шумілінскі райаграсэрвіс” В. А. Клюева. – У лясгасе мы закупілі елкі і раздалі іх на ўсе фермы. Закупілі 275 падарункаў для работнікаў прадпрыемства і 143 падарункі для іх дзяцей”.
А на фермах КУСГП “Ульскі” старанна рыхтаваліся да каталіцкага Ражаства: пабялілі, прыбралі, упрыгожылі пакоі адпачынку. “Усе стараліся, бо мы аб’явілі конкурс на лепшае ўпрыгожанне, – кажа в. а. дырэктара гаспадаркі В. У. Лабейка. – Лепшая ферма атрымае прэмію. А ў апошнія  снежаньскія дні Дзед Мароз наведаў з віншаваннямі кожную ферму і падарыў калектывам вясёлыя віншаванні і торты”. Цукеркамі і песнямі віншавалі жывёлаводаў і ў ААТ “Прыазёрны мір”.
Напярэдадні навагодніх святаў ніводны работнік сельгасарганізацый раёна не застаўся без падарунка, запэўніў раённых журналістаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец. “Закуплена 1800 падарункаў для дарослых і 800 падарункаў для дзяцей амаль на 70 мільёнаў рублёў, – адзначыў Васіль Васільевіч. – Мы зычым усім работнікам і іх сем’ям добрага здароўя і шчасця”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *