90-летию со дня рождения Героя Советского Союза Ефросиньи Зеньковой посвящается

Людзі і лёсы

Фрузе Зяньковай споўнілася б 90…
Час не спыніць. Як не знішчыць, не вытравіць з памяці людзей падзеі апошняй вайны, Вялікай Айчыннай. І хаця тых, хто са зброяй у руках, і не толькі,   каваў Вялікую Перамогу,  засталіся лічаныя адзінкі, памяць пра іх не меркне. Яна павінна балець у кожнага з нас, калі хочаце, ранай скразною –  памяць святая, памяць незагойна-балючая…
Менавіта такая думка рэфрэнам прайшла праз усё Свята Памяці падпольшчыцы, камандзіра падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі “Юныя мсціўцы” з мястэчка Обаль Фрузы Зяньковай. “Ёй учора споўнілася б 90 гадоў, – адкрываючы мітынг, прысвечаны гэтай даце, сказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Шаўцова. – Шкада, што вось ужо амаль 30 гадоў яе няма сярод нас. Яна ж наша гордасць – жанчына, маладосць якой апаліла вайна…”
Ефрасіння Зянькова – Герой Савецкага Саюза, жанчына-легенда. Праўда, ні яна і ніхто з падпольшчыкаў славы сабе не шукаў. Не думалі тады маладыя юнакі і дзяўчаты пра тое, як  выйдзе з памяццю пра іх. Яны верылі, што перамогуць ворага, і гэтая вера  памнажала іх сілы…
Ля мікрафона старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч, дырэктар Обальскай СШ Іна Чарнічэнка, другі сакратар РК ГА БРСМ  Вольга Баранава, член праўлення абласнога таварыства “Веды” Віктар Грузневіч. Пранікнёныя, шчырыя, кранальныя словы, сказаныя выступоўцамі, узрушваюць вучняў мясцовай школы, ветэранаў, усіх, хто прыехаў і прыйшоў на юбілейныя святкаванні ля памятнай стэлы ў цэнтры Обалі.
Мітынг вянчае ўскладанне кветак і вянкоў да стэлы.
У актавай зале Обальскай СШ усіх чакае вечар-партрэт, прысвечаны  90-ай гадавіне з дня нараджэння славутай зямлячкі. Вядучая Валянціна Сіценка знаходзіць словы, якія западаюць у сэрца.  Удала падабрала здымкі слайд-шоу і цікава, запамінальна распавяла пра Е. С. Зянькову супрацоўніца музея Обальскага камсамольскага падполля Лёля Лузгіна. Здымкі – з сямейнага архіву Зяньковых, з памятных сустрэч Ефрасінні Савельеўны, здымак, датаваны 1985 годам, падчас адкрыцця ў Віцебску помніка Е. С. Зяньковай.
Нямала цікавага пра жыццё Фрузы Зяньковай расказаў Віктар Грузневіч, які ніколі не парываў сувязі ні з самой Зяньковай, ні з родзічамі Зіны Партновай, ленінградкі, якая  авеяла сябе арэолам неўміручай славы. Пра “Юных мсціўцаў” з Обалі  напісана нямала газетных публікацый, пабачыла свет не адна кніга. А старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава засяродзіла ўвагу на міралюбівай палітыцы нашай Беларусі, не прамінуўшы сказаць нямала цёплых слоў у адрас  Ефрасінні Зяньковай (аказалася, бацькі Таццяны Уладзі-міраўны родам з Обалі, і сама яна не называла Зянькову інакш, як цёця Фруза).
Пад заслону вечара-партрэта пад назваю “Ляцяць гады і даты” першы сакратар РК ГА БРСМ Аляксандр Хмарын  ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў членскія білеты арганізацыі дзесяці юнакам і дзяўчатам Обальскай СШ, прагучаў святочны канцэрт.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў 3101 ад 28.12.2013.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *