В Шумилино прошёл традиционный рождественский турнир по волейболу

Новости Спорт, туризм

АСАЛОДА ВАЛЕЙБОЛЬНЫХ СПАКУСАЎ
У суботу ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны калядны турнір па валейболе сярод мужчынскіх каманд. За перамогу змагаліся тры каманды з Шуміліна (ДзЮСШ, “Здароўе” і “Дрым цім”), а таксама каманды з Бешанковічаў і Полацка.
Адразу адзначым, што турнір удаўся: багата балельшчыкаў сабралася ў ДзЮСШ, роўныя і моцныя каманды, прыгожыя і непрадказальныя спартыўныя моманты.
Адкрылі турнір валейбалісты ДзЮСШ і Бешанковіч. “Разглядаем гэты турнір толькі як падрыхтоўку да першынства вобласці, — адзначыў трэнер каманды ДзЮСШ Аляксей Паршыкаў. – Праверыць гульнявыя сувязі, найграць камбінацыі, атрымаць гульнявую практыку. Зразумела, што змагацца будзем у кожнай сустрэчы. Толькі вось задача выйграць турнір перад камандай не стаіць”.
А вось бешанковіцкія валейбалісты парадавалі. Бачна было, што хлопцы гуляюць гэтым складам не першы год, на пляцоўцы разумеюць адзін аднаго з паўслова, радуюць гледачоў прыгожым валейболам. Як самі адзначалі, на турнір у Шуміліна прыехалі толькі за перамогай. Бешанковіцкая каманда даволі лёгка перайграла юных валейбалістаў з каманды ДзЮСШ. А ў другой сваёй сустрэчы ярка і бескампрамісна ўзяла верх над палачанамі.
У другой сустрэчы турніру сустракаліся шумілінскія каманды “Здароўе” і “Дрым цім”. На жаль, барацьбы не атрымалася. У “Дрым ціма”, мякка кажучы, атрымалася толькі першая падача і атака. І гэта было дзіўна, бо тут сабраліся пераважна ветэраны валейболу, якія выйгралі не адзін турнір і вопыту ў якіх багата. А “Здароўе” гуляла ў сваё задавальненне: упэўненыя падачы і прыёмы, прыгожыя камбінацыі.
Кульмінацыяй турніру стала сустрэча паміж “Дрым цімам” і Бешанковічамі. Госці з першай партыі ўзяліся даказваць свае чэмпіёнскія амбіцыі. Ды і шумілінскія валейбалісты неяк не былі супраць гэтага. Першая партыя засталася за Бешанковічамі. А вось у другой партыі нарэшце прачнуўся “Дрым цім”, нашы землякі пачалі паказваць годны валейбол, і вынік не прымусіў сябе чакаць – зраўнялі лік па партыях. Трэцяя частка валейбольнага шоу атрымалася феерычнай: шумілінцы злавілі кураж, балельшчыкі стоячы гучнымі  воклічамі і апладысментамі гналі “Дрым цім” наперад. І шумілінская каманда змагла вырваць перамогу, спыніўшы пераможнае шэсце Бешанковічаў.
Такім чынам, на перамогу разлічвалі тры каманды, прычым кожная з іх магла аказацца як на першым, так і на трэцім месцы. Размеркаваць месцы на п’едэстале павінна была сустрэча каманд “Здароўе” – Бешанковічы. Наша каманда не перавяла матч у нярвовую стадыю. Шумілінцы без варыянтаў на пляцоўцы былі мацней. Вынік 2:0 на карысць “Здароўя” па гульні заканамерны і лагічны.
Пераможцамі традыцыйнага каляднага турніру па валейболу сярод мужчынскіх каманд стала “Здароўе” (на здымку) ў складзе: Станіслава Прасветава, Канстанціна Мончыка, Дзмітрыя Суханава, Андрэя Іванова, Дзмітрыя Байдакова і Уладзіслава Саламахі. Другое месца ў каманды “Дрым цім” (Сяргей Аксёнаў, Сяргей Абраменка, Алег Цвяткоў, Уладзімір Шэдзько, Андрэй Салаўёў, Сяргей Завадскі, Юрый Масько і Аляксандр Іваноўскі). Трэцяе месца – Бешанковічы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *