І час знайшоўся, і грошы
У мінулую суботу, 14 снежня, старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях.
Трэба адзначыць, што на гэты раз тэлефон не распальваўся ад тэлефонных званкоў, прагучала толькі шэсць зваротаў. Ці то шэрая снежаньская раніца не схіляла да размоў, ці то многія праблемныя пытанні (а людзі звяртаюцца звычайна не з падзякамі ці прапановамі, а са скаргамі) усе ж знайшлі сваё вырашэнне, асабліва пытанні жыллёва-камунальнага характару. Хаця без іх не абышлося і на гэты раз.
Жыхарка Шуміліна А. С. Шынкевіч (вул. Кароткіна, 24) паскардзілася, што ў яе доме няма гарачай вады, толькі цёплая, і каб прыняць ванну, даводзіцца грэць ваду ў чайніках і каструлях. Хаця б два разы на тыдзень, напрыклад, у пятніцу і суботу, давалі б гарачую ваду, выказала просьбу жанчына.
У. П. Куранны назваў гэтую сітуацыю абсурднай. Уладзімір Пятровіч даў даручэнне кіраўніцтву УП ЖКГ тэрмінова разабрацца і далажыць аб станоўчым вырашэнні пытання. Такога не па-вінна быць, што ў цэнтры горада няма гарачай вады, зазначыў кіраўнік раёна.
Прычынай яшчэ аднаго наракання на камунальнікаў паслужыла звычайная абыякавасць (пра яе старшыні расказала жыхарка райцэнтра С. А. Загацкая): рабілі рамонтныя работы, раскапалі ў цэнтры горада траншэю, ды так і кінулі. У гэтую пастку і трапілі двое мужчын (дзякуй Богу, што не дзеці). Прахожыя выклікалі выратавальнікаў, хуткую дапамогу, міліцыю…
Усяго гэтага лёгка можна было пазбегуць, калі б камунальнікі паклапаціліся абгарадзіць свой рабочы аб’ект.
Амаль пастаянная цемра за акном прымушае людзей больш пільную ўвагу надаваць электрычнаму асвятленню, бо на вуліцы зараз не ліпень і без ліхтароў вельмі нязручна. Менавіта з гэтай нагоды тэлефанавала ў райвыканкам Г. В. Барсукова з вёскі Гаравыя.
Як высветлілася, вяскоўцы яшчэ з пачатку восені турбуюць і мясцовую ўладу, і адпаведныя службы, ім абяцалі, але электрыкі, спасылаючыся на розныя прычыны, усё адкладвалі свой візіт у Гаравыя. Затое пасля званка і размовы са старшынёй райвыканкама паехалі ў той жа дзень. І час знайшоўся, і грошы.
Спешна наладжваць вулічнае асвятленне электрыкі паехалі і ў вёску Цаўі (да старшыні райвыканкама звярнуўся жыхар гэтай вёскі У. Ф. Буракоў).
А вось па “электрычным” пытанні Н. І. Шніпавай з райцэнтра патрэбна больш дэталёвае абследванне, каб высвеліць, чаму ў доме № 3 па вуліцы Суворава непастаяннае напружанне і хто будзе адказваць за сапсаваныя электрычныя бытавыя прыборы.
На аналіз сітуацыі і прыняцце адпаведнага рашэння У. П. Куранны даў два дні.
Сярод пытанняў камунальнага і электрычнага кшталту было і адно дарожнае. В. Р. Грыцай з аграгарадка Слабада расказаў пра тое, што ў адным месцы дарога “правалілася” і патрабуе тэрміновага рамонту.
На тое, каб рашаць такія пытанні, у раёне і створана дарожная служба, зазначыў старшыня райвыканкама. Наогул жа, кожны павінен займацца сваім участкам работы: калі камунальнікі будуць бесперабойна даваць ваду і цяпло, электрыкі святло, дарожнікі расчышчаць і рамантаваць дарогі, тады і ўрач зможа працаваць з поўнай аддачай, і настаўнік, і журналіст.
Задача ж райвыканкама – кантраляваць і каардынаваць гэтыя пытанні, а не выступаць у ролі дыспетчара.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №98 ад 17.12.2013 г.