На першым плане — эканомія і беражлівасць
Учора кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук правёў пашыраную рабочую нараду, на якую разам са спецыялістамі райвыканкама былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі раённых службаў і арганізацый.
Вялікую ўвагу В. А. Падляшчук надаў Дырэктыве № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, якая на пачатку ацяпляльнага сезона набывае асабліва актуальнае гучанне. Сёння, калі на вуліцы плюс 10—12 градусаў, проста недаравальна паліць газ, як гэта робіцца ў Мікіцісе, заявіў старшыня райвыканкама.
Між тым, як паведаміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка, толькі за мінулы месяц раён заплаціў за газ 570 мільёнаў рублёў.
Таму для кожнай арганізацыі, для кожнага спажыўца энергіі тэрміны “эканомія і беражлівасць” павінны мець рэальныя абрысы, падкрэсліў кіраўнік раёна. Размова тут ідзе найперш пра мясцовыя віды паліва, павелічэнне іх долі ў агульным паліўна-энергетычным балансе.
З гэтым пытаннем напрамую звязана і пытанне аб выкананні праграмы “Чыстыя палеткі”. Работа ў гэтым плане дазволіць не толькі навесці парадак на зямлі, не толькі атрымаць новыя гектары і цэнтнеры, але і нарыхтаваць дадатковыя аб’ёмы шчапы.
В. А. Падляшчук нагадаў, што раёну да 1 красавіка наступнага года па праграме “Чыстыя палеткі” трэба ачысціць ад кустоўя 4400 гектараў, і што ў гэтай вялікай рабоце кожнаму прадпрыемству і арганізацыі раёна вызначана канкрэтнае заданне, аб выкананні якога будзе весціся штодзённая справаздача.
На нарадзе быў абмеркаваны шэраг іншых надзённых пытанняў.
Аліна ПЯТРОВА.