Когда проснётся совесть и стыд?

Общество Происшествия

Няёмка за іх, а ім хоць бы што
Удзельнічаць у падобных пасяджэннях заўжды неяк няёмка, бо міжвольна ўзнікае пачуццё сораму. Сораму за дарослых людзей, якія паводзяць сябе, як свавольныя дзеці. Менавіта такія ўражанні засталіся пасля пасяджэння савета грамадскага пункта аховы парадку ў Сіроцінскім сельсавеце. На пасяджэнне, якое вёў старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў,  былі запрошаны абавязаныя асобы, бацькі, якія давялі свае сем’і да сацыяльна небяспечнага стану, іншыя парушальнікі грамадскага парадку.
Псіхолаг Шумілінскай ЦРБ І. А. Сальнікава звярнула ўвагу прысутных на ўплыў сямейнага бязладдзя на развіццё дзяцей. Схільнасць дзяцей да шкодных звычак, правапарушэнняў фарміруецца пад адмоўным уплывам бацькоў у такіх сем’ях. Часта бацькі, занятыя бясконцымі “разборкамі” адзін з адным ці вырашэннем уласных спраў, забываюцца на выхаванне дзяцей. Атмасфера негатыву, алкагольных псіхозаў, п’янак прыводзіць да парушэння дзіцячага псіхічнага здароўя, як вынік – закладвае дзецям сур’ёзныя праблемы ў будучым жыцці.
Урач-нарколаг Т. У. Іванова пачала сваё выступленне са сцвярджэння: “Дапамагчы можна толькі таму, хто хоча гэтай дапамогі”. Яна расказала пра ўплыў алкаголю на фізічнае і псіхічнае здароўе чалавека, на фарміраванне негатыўнай атмасферы ў сям’і.
На ўліку ў раённага нарколага стаіць больш за 700 чалавек (дарэчы, як сведчыць вопыт, на аднаго ўлічанага алкаголіка ці наркамана прыходзіцца 10 няўлічаных). Практыка паказвае, што ад шкоднай звычкі можна пазбавіцца, калі ёсць такое шчырае жаданне, калі чалавек імкнецца сам вырвацца з палону п’янкі. Яна прапанавала прысутным, а сярод запрошаных на пасяджэнне былі і яе пацыенты, звяртацца да нарколага (тэлефон 4-31-04).
Участковы інспектар РАУС Д.М. Зубараў расказаў пра асаблівасці прымянення Дэкрэта №18, пра ўзмацненне адказнасці абавязаных асоб за ўхіленне ад працаўладкавання, за прагулы і рост даўгоў.
Дырэктар Слабадской д/с-СШ А. М. Пузікава падзялілася вопытам работы школы па выяўленні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы ці патрабуючых дзяржаўнай абароны, падрабязна спынілася на крытэрыях і нормах аднясення дзяцей да названых катэгорый.
А потым пачаліся размовы з запрошанымі на пасяджэнне. І калі дарослыя людзі імкнуліся прыдумаць нейкія апраўданні сваім прагулам, п’янкам, рабілася няёмка. Бо ўзровень гэтых прыдумак быў, ну як быццам бы апраўдваецца школьнік, які прапусціў урок.
Ужо не здзіўляе, з аднаго боку, інфантыльнасць такіх людзей – яны чакаюць, што нехта ўсё зробіць за іх: знойдзе добрую работу, зробіць рамонт у доме, забяспечыць неабходным іхніх дзяцей.  А з другога боку, калі тычыцца п’янкі ды гульбы – усё знойдуць самі, нават уласных дзяцей абрабуюць – прап’юць дзіцячыя дапамогі, пенсіі, выплаты. Прыводзіўся прыклад, калі падчас праверак у кватэры не было нармальнай ежы, не было парадку, пасцельнай бялізны, сезоннага адзення у дзяцей, а жанчына-сужыцелька за дапамогу па страце карміцеля купляла сабе плэер, дыскі, тэлефон, адзенне і г. д. Вынік – дзеці ў прытулку, бацькі павінны выплачваць грошы на іх утрыманне.
Ці вось такая размова:
– Чаму дзіця ў бальніцу не звазіла?
– Дык грошай няма.
– А чаму п’яная была?
– Дык зарплату ж далі …
Што можна сказаць пра маці, якая некалькі гадзін бавіла час у суседзяў, а немаўля было дома адно. А ёй не сорамна адказваць: “Яно ж не адно было, за ім даглядалі”. А ў няньках было крыху старэйшае дзіця…
Другая “вынаходлівая” жанчына – абавязаная асоба, калі прагульвала работу, кожны раз паведамляла, што “яе ў райвыканкам выклікалі”.
Узнімалася на пасяджэнне і пытанне даўгоў за камунальныя плацяжы з боку абавязаных асоб. Тыя перакананы, што не адключаць святло і ацяпленне, калі ў кватэры ёсць дзеці. І ўсё часцей з вуснаў падобных гаспадароў гучаць не просьбы, а патрабаванні: “Дайце! На рамонт, на адзенне, на ежу…”
Бясспрэчна тое, што трэба кантраляваць стан дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Але можа ўсё ж і жорсткасць праявіць, а не ўгаворваць дарослых людзей, не няньчыцца з імі, як з неразумнымі немаўляткамі. Можа, і спагнаць з іх час надышоў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 17.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *