Традиционный турнир по греко-римской борьбе прошёл в Оболи

Актуалии Молодёжь Образование Спорт, туризм

Тут нараджаюцца чэмпіёны
30-31 кастрычніка ў Обалі прайшоў традыцыйны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці обальскай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.
Па традыцыі спаборніцтвы насілі статус міжнародных – за перамогу змагаліся і юныя барцы з Санкт-Пецярбурга, якія на турнір прыязджаюць у трэці раз. Прыемна адзначыць, што з году ў год павялічваецца як колькасць удзельнікаў, так і геаграфія школ класічнай барацьбы. На гэты раз свае каманды выставіді школы грэка-рымскай барацьбы з Гарадка, Круглае, Сянно, Мінска, Віцебска (дзве школы), Глыбокага, Талачына і Маладзечна. Ад нашага раёна ў спартыўным фэсце прынялі ўдзел барцы з Шуміліна, якіх трэніруе Юрый Сцяпанаў, і з Обалі (трэнер Пётр Ганушчанка). Па традыцыі, обальская каманда была самай прадстаўнічай.
Парад удзельнікаў
Самы хвалюючы момант любога мерапрыемства – урачыстае адкрыццё спартыўнага фэсту.  Уразіў парад удзельнікаў: пад бурныя апладысменты  балельшчыкаў спартсмены з 10 каманд выйшлі на барцоўскі дыван. На адкрыцці спаборніцтваў дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін адзначыў, што турнір даўно стаў візітнай карткай мястэчка. Аляксандр Мікалаевіч асаблівыя словы падзякі адрасаваў спонсарам  фэсту: “Дзякуючы Обальскаму керамічнаму заводу, Афрыдуну Забіраву, Уладзіславу Селяціцкаму, Аляксандру Селяціцкаму, Дзмітрыю Купрыянаву, Аляксандру Грузневічу, Аляксандру Воранаву, Дзмітрыю Волкаву, Марату Галіну, Марату Азоліну, Аляксандру Петухову, Сяргею Захаранку, Ігару Ляўшу, Алегу Анцупаву, Аляксандру Ганушчанку і Валерыю Купрыянаву  мы на самым высокім узроўні можам праводзіць турнір.”
Спартыўных перамог і бескампраміснай барацьбы удзельнікам спаборніцтваў пажадалі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў.
Права ўзняць Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь прадаставілі бронзаваму прызёру першынства Беларусі па вольнай барацьбе Алёне Федчанка і пераможцу міжнароднага турніру ў Гомелі Вадзіму Грачухіну.
Узровень – міжнародны
Многія трэнеры і суддзі падкрэсліваюць не толькі выдатную арганізацыю турніру, а і пастаянна высокі ўзровень. Майстар спорту па вольнай і грэка-рымскай барацьбе Р. І. Гігаўры разам з П. В. Ганушчанкам стаяў ля вытокаў турніру. «Турнір вядомы як у вобласці, так і ў рэспубліцы, – падкрэсліў Рэваз Ірадзівонавіч. – Радуе, што ён выйшаў на высокі прафесійны ўзровень. Дарэчы, тут працуюць суддзі толькі нацыянальнай і міжнароднай катэгорый».
На сёлетнім турніры выставілі сваіх выхаванцаў Заслужаны трэнер Беларусі А. І. Касыўцаў і трэнер А. І. Найлавец, якія падрыхтавалі прызёраў Алімпійскіх гульняў у Пекіне і чэмпіёна Еўропы.

Игорь Каныгин с братьями Гречухиными

На турніры прысутнічаў Заслужаны майстар спорту, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Маскве, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Ігар Каныгін. Спецыяльна для раённай газеты Ігар Уладзіміравіч адзначыў:
– Менавіта на такіх турнірах нараджаюцца будучыя алімпійскія чэмпіёны. Сам, калі рабіў крокі ў вялікім спорце, першыя свае перамогі атрымліваў на падобных спаборніцтвах. Я лічу іх вельмі важнымі ў прафесійным станаўленні спартсмена. А што тычыцца турніру – вельмі добры ўзровень, ёсць перспектыўныя барцы, якія, упэўнены, могуць “дарасці” да чэмпіёнаў свету і пераможцаў Алімпійскіх гульняў.
Госці з Расіі
Трэнер Фёдар Захараў з Санкт-Пецярбурга ў трэці раз прывёз сваіх выхаванцаў у Обаль. Дарэчы, яго падапечны Гарык Галусцян па-сапраўднаму ўлюбіў у сябе обальскіх аматараў грэка-рымскай барацьбы. “Гарык у Обалі трэці раз, – расказвае Фёдар. – Хлопец мае адметную тэхніку і вельмі перспектыўны”. Таксама трэнер адзначыў гасціннасць абальчан. Дарэчы, Гарык Галусцян атрымаў перамогу ў вагавой катэгорыі 63 кг.
*   *   *
Па выніках турніру 12 выхаванцаў Пятра Ганушчанкі ўзняліся на п’едэстал: у вагавой катэгорыі 27 кг – Мікіта Барсукоў (трэцяе месца), у вазе 29 кг – Мікіта Малашэнка (першае) і Дзмітрый Кучмароў (трэцяе), у вазе 32 кг – Арцём Сачыўка (першае), у вазе 35 кг – Ягор Ганушчанка (другое), у вазе 38 кг – Аляксандр Храмцоў (першае) і Кірыл Чухноў (другое), у вазе 42 кг – Вадзім Грачухін (першае), у вазе 47 кг – Уладзіслаў Грачухін (першае), у вазе 53 кг – Андрэй Барадаўка (першае), у вазе 59 кг – Яўген Сачыўка (трэцяе), у вазе 73 кг – Дзмітрый Глушко (другое).
Аляксандра ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *