Созведие вкусов шумилинских сыров

Экономика

Сузор’е  смакаў шумілінскіх сыроў
Шумілінскі сырзавод (зараз вытворчы цэх ААТ “Малако”) славіцца сваёй прадукцыяй з сярэдзіны 70-х гадоў. Асаблівую папулярнасць атрымалі класічныя гатункі сыроў – “галандскі” і “расійскі”, яны неаднаразова адзначаліся дыпломамі першай ступені і залатымі медалямі на міжнародных выставах і конкурсах. Да гонару шумілінскіх сыраробаў,   і  іншыя гатункі  атрымалі прызнанне і карыстаюцца папулярнасцю. Напрыклад, на конкурсе якасці ў горадзе Углічы Яраслаўскай вобласці, які праходзіў  ў чэрвені гэтага года ў рамках Міжнароднага тыдня сыраробства і масларобства, гатункі сыроў “дыетычны”, “сметанковы” і “кальцбург” атрымалі сярэбраныя медалі.
Прадпрыемства стараецца ісці ў нагу з часам, адпавядаць сучасным патрабаванням, адзначае начальнік Шумілінскага вытворчага цэха ААТ “Малако” А. А. Мейсак.  На думку Аляксандра Аляксандравіча, вельмі дарэчы была праведзеная на заводзе мадэрнізацыя. Устаноўлены аўстрыйская лінія па вырабе сыроў, пастэрызацыйна-ахала-джальная ўстаноўка, навейшае халадзільнае абсталяванне. Усё гэта сапраўдная знаходка для сырароба, прызнаюцца спецыялісты прадпрыемства. Гэта дазволіла палепшыць якасць прадукцыі і павялічыць аб’ёмы. Зараз, напрыклад, за суткі завод перапрацоўвае сто тон малака. На жаль, дзесяць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна не могуць забяспечыць сыравінай Шумілінскі цэх  ААТ “Малако”, дапамагаюць у справе іншыя вытворчыя цэхі ААТ “Малако” – з Гарадка і Навалукамля.
Тым не менш, шумілінскі сырзавод сёння жыве і працуе. І працуе нядрэнна. “Мы выпускаем 19 гатункаў розных сыроў, – кажа  інжынер-тэхнолаг прадпрыемства Л. М. Пракопчык. – Сярод навінак хацелася б назваць “Труфель GRAND” – гэта 45%-най тлустасці брусковы сыр з рознымі напаўняльнікамі – папрыкай, кмінам, пажытнікам…”
У сярэдзіне кастрычніка пачалі выпускаць  тры новыя гатункі сыроў – “паўночнадзвінскі”, “галандскі-юніёр”, “цяльзіцкі”. Можна сказаць, гэтыя сыры хутка знайшлі свайго пакупніка. Як, дарэчы, і гатунак “цільзіцер GRAND”, які пачалі выпускаць крыху раней. Дзякуючы спецыяльным закваскам з малочна-кіслымі бактэрыямі, сыр выспявае ўсяго за 20 сутак, а па сваіх смакавых якасцях не ўступае тым, што гатуюцца значна больш.
Працягваюць выпускаць на сырзаводзе і тыя гатункі, якія сёння сталі ўжо класічнымі: “пашахонскі”, “кастрамскі”, “сметанковы”, “расійскі новы”. Тым не менш сёння шумілінскія сыры не заўсёды па кішэні  пакупніку. Пытаемся ў Л. М. Пракопчык, чаму так дорага яны каштуюць. “Паднялася закупачная цана на малако, цана на электраэнергію, – тлумачыць Ларыса Мікалаеўна. – Плюс выдаткі ад перавозак. Усё гэта кладзецца на сабекошт прадукцыі. Самыя танныя сыры каштуюць у межах шасцідзесяці тысяч рублёў за кілаграм, а новыя, больш даражэйшыя гатункі, для зручнасці пакупніка ў гандлёвую сетку  паступаюць у вакуумнай упакоўцы. У лістападзе-снежні мы пачалі выпускаць сыр цёрты “расійскі”, хутка паступяць у продаж сыры цёртыя гатункаў “галандскі” і “элегантны”.
На мінулым тыдні мы пацікавіліся ў цэнтральным універсаме, якія з шумілінскіх сыроў прапануюць гандляры пакупніку. Не дадае гонару райспажыўтаварыству, што з 19 гатункаў шумілінскіх сыроў у продажы былі  толькі шэсць: “цяльзіцкі”, “расійскі асаблівы”,  “кальцбург”,  “паўночнадзвінскі”, “цільзіцер GRAND” і “дыетычны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *