Спрашивали – отвечаем. Как приватизировать квартиру.

Вопрос-Ответ Официально

Як прыватызаваць кватэру?
Урадам Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны праект Указа “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”. Прапануецца новы падыход да фарміравання фонду жылля камерцыйнага карыстання  або так званага арэнднага жылля. Да 1 красавіка 2014 года плануецца перавесці ў фонд арэнднага жылля ўсе заселеныя службовыя і спецыяльныя  жылыя памяшканні. А пасля 1 ліпеня 2016 года – уключыць у гэты фонд і непрыватызаваныя на гэту дату  грамадзянамі дзяржаўныя кватэры.
У адпаведнасці  з рашэннем Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта ад 21 кастрычніка 2013 года № 734 “Аб дэлегіраванні паўнамоцтваў” прыём і падрыхтоўку дакументаў па прыватызацыі жылых памяшканняў  у Шумілінскім раёне ажыццяўляе ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прыём вядзе спецыяліст па прыватызацыі Прымак Надзея Аляксандраўна ў кабінеце № 303 (трэці паверх райвыканкама), яна ж прымае і заявы на прыватызацыю. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэл. 4-94-95.
Трэба ведаць, што заява павінна быць падпісана ўсімі паўналетнімі членамі сям’і наймальніка, а таксама іншымі грамадзянамі, за якімі ў адпаведнасці з заканадаўствам захоўваецца роўнае з наймальнікам права карыстання жылым памяшканнем. У заяве ўказваецца пералік усіх асоб, якія маюць права на карыстанне гэтым памяшканнем, згода ўсіх гэтых асоб на прыватызацыю, долевы ўдзел кожнага з іх у выкупе жылля.
Акрамя гэтага, неабходна падаць наступныя дакументы: пашпарт або іншыя дакументы, што яго замяняюць, якія сведчаць асобы ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў прыватызацыі; пасведчанні аб нараджэнні дзяцей (калі ёсць непаўналетнія);  дакумент, які пацвярджае права на льготы; чэкі “Жыллё” (пры іх наяўнасці) з выпіскай са спецыяльнага чэкавага рахунку.
Далей на працягу месяца разглядаецца заява і прымаецца рашэнне. Калі вам адмовілі ў прыватызацыі, гэта рашэнне павінна быць абгрунтавана і растлумачана. Яго таксама можна будзе аспрэчыць у вышэйстаячым органе або судзе.
Пры станоўчым адказе, які дае дазвол на прыватызацыю жылля, на працягу аднаго года з моманту вынясення рашэння неабходна выплаціць першапачатковы ўзнос кошту кватэры (10% кошту), заверыць дагавор аб прыватызацыі ў натарыуса і зарэгістраваць яго ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці.
Вядома, многіх жыхароў раёна хвалюе пытанне, колькі каштуе прыватызацыя кватэры. Цана вызначаецца на аснове балансавага кошту дома ў цэнах 1991 года. Гэты кошт залежыць ад плошчы кватэры, працэнта зношанасці дома, наяўнасці прахадных пакояў, сумешчанага санвузла, балкона, матэрыялу, з якога зроблены сцены, вышыні столі і г.д. Затым кошт у цэнах 1991 года памнажаецца на індэкс  росту  кошту будаўніцтва жылля.
Не ў кожнага ёсць магчымасць заплаціць адразу ўсю суму. Але і з гэтай сітуацыі ёсць выхад – гэта  аплата прыватызацыі ў растэрміноўку. Умовы даволі прымальныя: тэрмін пагашэння – да сарака гадоў. Прычым, растэрміноўка беспрацэнтная, яе  кошт не мяняецца. Першапачатковы ўзнос складае 10% кошту прыватызацыі. Прадаць, абмяняць або падарыць кватэру можна толькі пасля выплаты ўсяго кошту прыватызацыі.
В. ЕМЯЛЬЯНАЎ, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі  райвыканкама.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *