В Шумилино прошло районное мероприятие, посвящённое Дню инвалидов

Актуалии Общество

Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава ўзнагароджвае актывіста арганізацыі Р. А. Гусарава.

Свята аптымізму і жыццялюбства
Трэцяга снежня ў Шумілінскім ГДК прайшло святочнае мерапрыемства “У нас сёння юбілей”, прысвечанае Дню інвалідаў Рэспублікі Беларусь і 25-годдзю ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, старшыня праўлення абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” М. Я. Каралюн.
Назіраючы за дзеяй, якая ў гэты дзень адбывалася на сцэне, нельга было не злавіць сябе на думцы, што з такой непадробленай, празрыстай шчырасцю здатныя выступаць, бадай, толькі дзеці – столькі трапяткога хвалявання было ў выступленнях, столькі выдатнай энергетыкі ішло ў зал. І гэта не магло не зачапіць.
Старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Л. М. Нагібава прызналася: “Нам сёння 25. Мы маладыя, мы бадзёрыя душой,  мы любім адзін аднаго, нас любяць”. Напэўна, такі падыход да ўспрыняцця рэчаіснасці і дазваляе ім многага дабівацца. Газетнай паласы не хопіць, каб пералічыць усе тыя добрыя справы, што на рахунку арганізацыі, тыя мерапрыемствы, раённыя, абласныя і рэспубліканскія, у якіх нашы землякі заяўлялі аб сабе. Любоў Мікалаеўна ўпэўнена, што свет поўны добрых людзей, дзякуючы падтрымцы якіх і ўдаецца мары ўвасабляць у рэальнасць. Усім ім яна дасылала ў гэты дзень шчырыя словы ўдзячнасці.
У сваю чаргу І. М. Новікава дзякавала актыву арганізацыі за нястомнасць у рабоце па ўсіх накірунках сацыяльнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ірыну Мікалаеўну прыемна здзіўлялі аптымізм гэтых людзей, жыццялюбства, чалавекалюбства. “У нашым раёне жыве 1125 інвалідаў. Сярод іх 222 чалавекі – інваліды першай групы, 492 – інваліды другой групы і 53 дзіця-інваліды. Для таго, каб вырашыць пытанні сацыяльнай дапамогі і падтрымкі, у рэспубліцы і ў нашым раёне дзейнічаюць дзяржаўныя сацыяльныя праграмы. Гэта і стварэнне безбар’ернага асяроддзя, і работа разнастайных гурткоў, клубаў, аб’яднанняў, і дапамога па набыцці сродкаў рэабілітацыі і многае іншае”, – гаварыла Ірына Мікалаеўна. Яна ўручыла граматы раённага Савета дэпутатаў актывістам арганізацыі.
“Каб у мяне спыталі, якая арганізацыя мне самая дарагая, я без сумнення адказаў бы, што – шумілінская. Я ўпэўнены, што вы дасягнеце яшчэ большых вяршынь”, – выказаўся М. Я. Каралюн. Міхаіл Ягоравіч расказаў, што далёка не ва ўсіх раёнах вобласці дзейнічаюць раённыя арганізацыі інвалідаў. Ён падзякаваў за тое, што нашы землякі падтрымалі абласную акцыю “У будучыню – разам”. У выніку – тры новыя арганізацыі заявілі аб сваім стварэнні. Міхал Ягоравіч мае сур’ёзны намер абагульняць шумілінскі вопыт работы, каб распаўсюджваць яго на вобласць, а то і на рэспубліку.  У гэтай сувязі ён паведаміў, што Л. М. Нагібава была абрана членам цэнтральнага праўлення ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Гэты факт гаворыць сам за сябе.
На свяце прагучала шмат цёплых слоў, кранальных спеваў. Самыя актыўныя члены арганізацыі былі адзначаны граматамі і падарункамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *