Прыватызацыя. Водазабеспячэнне. Радыё
У аўторак 26 лістапада ў раёне працаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі У. У. Шыцько. Дэпутат правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях і “прамую лінію”.
Першае пытанне паступіла ад жыхара аграгарадка Мікіціха, які прадстаўляў інтарэсы сваёй састарэлай маці. Справа ў тым, што ў іх узніклі праблемы з прыватызацыяй кватэры. У прыватнасці, райвыканкам не даў згоду на прыватызацыю, бо ў кватэры была праведзена незаконная перапланіроўка. Уладзімір Уладзіміравіч разам з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянавым патлумачылі грамадзяніну, якім павінен быць далейшы ход яго дзеянняў, каб усё ж прыватызаваць кватэру.
Звяртаем увагу на тое, што раёнка мяркуе змясціць некалькі матэрыялаў, якія раскрыюць усе нюансы працэсу прыватызацыі.
Некалькі дамоў у райцэнтры (так званы раён МСО) не маюць сёння гарачага водазабеспячэння.
Так было заўжды, і людзі, змірыўшыся, даўно абсталявалі свае кватэры воданагравальнікамі. Пытанняў не ўзнікала да той пары, пакуль не пачаўся імклівы рост цэн на электраэнергію. З гэтымі перажываннямі і прыйшла да дэпутата жыхарка аднаго з такіх дамоў.
Сапраўды, існуюць льготы па аплаце электраэнергіі для тых, чые кватэры абсталяваны электрычнымі плітамі. Чаму б не ўвесці такія ж льготы для жыхароў дамоў, дзе адсутнічае гарачае водазабеспячэнне? Дэпутат палічыў гэту прапанову слушнай і абяцаў вынесці яе на абмеркаванне на вышэйшым узроўні.
Яшчэ адна жыхарка раёна звязалася з У. У. Шыцько па тэлефоне для таго, каб выказаць абурэнне ліквідацыяй праваднога радыё. Дэпутат патлумачыў, што гэты працэс ідзе па ўсёй рэспубліцы, што падтрымліваць правадное вяшчанне сёння нерэнтабельна, гэты спосаб перадачы інфармацыі састарэў і маральна, і фізічна. На змену ідзе перадача інфармацыі праз канальныя прыёмнікі. Жанчына занепакоена: прыёмнік працуе ад разеткі, а гэта дадатковая электраэнергія. Мы звязаліся са спецыялістамі вузла электрасувязі, яны патлумачылі, што сучасныя радыёпрыёмнікі спажываюць мізэрную колькасць электраэнергіі, а значыць, гаварыць пра істотнае павышэнне платы не прыходзіцца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.