Капремонт многоэтажного жилья в Мишковичах

Общество

“Наш дом цяпер не пазнаць”
Тыя, хто жыве ў шматпавярхоўцы № 2 па вуліцы Саркісьянца ў Мішкавічах, лічаць, што ім вельмі пашанцавала. У гэтым годзе закончыўся капітальны рамонт іх дома. Цяпер ён не толькі прыгожы знешне, але і ў кватэрах цёпла і ўтульна.
Першая чарга рамонту трохпавярховага дома ў Мішкавічах была зроблена яшчэ ў 2009 годзе: замянілі вокны, давялі да ладу дах. І ў пад’ездах, дзе калісьці стаяла вада, цяпер суха і цёпла. “У 2010 годзе рабілася праектна-каштарысная дакументацыя на другую чаргу рамонту, – кажа начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Ю. М. Міцькін. – І ў мінулым годзе рамонт аднавілі. Падрадчыкам выступіла ПМК-70. Работнікі прадпрыемства ўцяплілі дом мінералаватнымі плітамі, абтынкавалі, пафарбавалі. І калі раней людзі скардзіліся, што сцены прадзімае ў вялікі вецер, то цяпер такіх нараканняў няма”. Дарэчы, на рамонт 27-кватэрнага дома (ён пабудаваны ў 1981 годзе), па падліках галоўнага бухгалтара УП ЖКГ Н. У. Коцікавай, патрацілі 2,08 мільярда рублёў. 806 мільёнаў – гэта адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт жыллёвага фонду, астатнія грошы – з раённага бюджэту.
У шматпавярховым доме адрамантаваны і ўваходныя дзверы, поўнасцю заменены водаправодныя і каналізацыйныя трубы. У пад’ездах пастаўлены сучасныя электрычныя лічыльнікі-аўтаматы, а ў падвале зроблены цеплапункт, усталяваны цеплалічыльнікі.
“Мы былі прыемна здзіўлены і вельмі ўдзячны работнікам камунгасу, што яны нават паклапаціліся пра тых, каму патрэбен быў рамонт на кухні – там замянілі гнілую падлогу, – кажа жыхарка адрамантаванага дома Людміла Казлоўская. – А яшчэ ва ўсіх кватэрах паклалі плітку на падлозе ў ванных пакоях. Наш дом цяпер не пазнаць. Галоўнае, што ўмовы жыцця намнога палепшыліся. У кватэрах вельмі цёпла. Адкрываеш кран – і адразу ліецца гарачая вада. Не цёплая, а менавіта гарачая. І не думалі, што на вёсцы зробяць для нас такія камфортныя ўмовы жылля”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №91 ад 22.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *