В редакцию обратились с вопросом

Вопрос-Ответ Общество

Куды здаць карову?
Тэму для публікацыі падказаў тэлефонны званок з Мішневіч. Жанчыны, не называючы сваіх прозвішчаў, папрасілі расказаць, як здаць буйную рагатую жывёлу ў райспажыўтаварыства, бо “з перакупшчыкамі больш звязвацца не хочацца”. Чаму не хочацца – не расказалі. Тым не менш, мы выконваем просьбу нашых чытачоў і расказваем пра працэдуру здачы БРЖ.
– Тым, хто надумаўся здаць карову, перш за ўсё трэба патэлефанаваць у райспажыўтаварыства па нумарах 4-10-35 ці 4-17-37, даць заяўку на здачу жывёлы і пакінуць свае каардынаты, – кажа таваразнаўца па жывёлагадоўчай групе Т. П. Лукашова. – Калі збярэцца па раёне некалькі такіх жадаючых, мы тэлефануем гаспадарам і паведамляем, у які дзень прыедзем. Забіраем кароў і вязём на мясакамбінат.
Дарэчы, гаспадары, якія маюць намер здаваць карову, загадзя павінны ўзяць даведку з сельсавета аб тым, што трымаюць падсобную гаспадарку.  А вось за ветпасведчаннем на жывёлу трэба прыехаць у райветстанцыю. Прычым, гэта паслуга платная – каштуе каля 35 тысяч рублёў.
– Пасля здачы жывёлы мы разлічваемся з вяскоўцамі на працягу дзесяці дзён, а то і раней, – працягвае гаворку Тэрэса Пятроўна. – За адзін кілаграм жывой вагі  вышэйшай  укормленасці плацім 17464 рублі, сярэдняй – 13636 рублёў, ніжэй сярэдняй – 8173 рублі, за схуднелую – 5418 рублёў. Такія цэны ўстаноўлены Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
У райспажыўтаварыстве адзначылі, што сёлета прынялі ад насельніцтва паўтара дзясятка кароў (летась было больш як два дзясяткі). “Мы працуем з насельніцтвам, заклікаем здаваць жывёлу менавіта да нас, – кажуць спецыялісты райспажыўтаварыства. – На жаль, і здаваць хутка будзе некага – кароў у вёсках становіцца ўсё менш”.
За студзень-верасень гэтага года мы нарыхтавалі  сельгаспрадукцыі і сыравіны ад насельніцтва на 3 мільярды 955,4 мільёна рублёў, – кажа эканаміст па нарыхтоўках Г. С. Шпыркіна. – Перавыканалі даведзены план на 10,3%”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана  ў №88 ад 12.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *