Люди и судьбы. Секретарь райкома Нина Сенчура

Актуалии Людзі і лёсы

Сянчура. Жанчына-легенда, жанчына-рэальнасць
“Якой павінна быць сапраўдная жанчына?”, – спытала я ў знаёмых мужчын. І пачула ў адказ: “Жаноцкай. Абаяльнай. Добрай. Працавітай. Чалавечнай. Усмешлівай. Мэтанакіраванай”. Такія вось патрабавальныя ў нас мужчыны. А ці магчыма наогул спалучыць усе гэтыя якасці ў адным чалавеку, іх не цікавіць. Хаця я ведаю такую жанчыну, яна сапраўды валодае ўсімі гэтымі якасцямі, у дадатак яна –  яркая і непаўторная. І яна ніколі не прасіла ў Бога лёгкіх шляхоў, і якая б дарога ні выпала, ішла па ёй лёгка, з усмешкай, без боязі глядзела ўперад. Такой засталася і сёння – шчырая і прыгожая. Яна з кагорты тых жанчын, якім час толькі дадае прыгажосці і абаяння.
Ніна Сяргееўна Сянчура. Яна не толькі многае зрабіла для развіцця Шумілінскага раёна, працуючы старшынёй райвыканкама, а потым і першым сакратаром райкама партыі, яна яшчэ пакінула ў сэрцах людзей, якія працавалі і жылі побач з ёй, святло. І нават работа на высокай кіраўніцкай пасадзе, строгая партыйная дысцыпліна таго часу не змаглі пераадолець яе непасрэднасць, адкрытасць, уменне здзіўляцца. Радавацца кожнаму дню. Я ніколі не бачыла яе раздражнёнай, мітуслівай. Але яна ўсё паспявала, паспяхова рашала вытворчыя і сацыяльныя пытанні, умела і знаходзіла час выслухаць чалавека, дапамагчы. І ніколі-ніколі яна не дазваляла сабе быць неахайнай. Заўсёды падцягнутая, з прыгожай прычоскай, з усмешкай на твары, у гардэробе ўсё па дрэс-коду: спадніца да сярэдзіны калена, ніякіх штаноў і дэкальтэ, усё строга і разам з тым па-жаноцку. Ці не гэтыя якасці вабілі да яе і тых сталічных генералаў, якія так часта бывалі ў раёне з візітамі, і самога П. М. Машэрава – першы сакратар ЦК КПБ за час работы Н. С. Сянчуры не адзін раз прылятаў сюды на верталёце.
Як жа ёй удавалася ўсё гэта спалучаць у сабе? Ці лёгка ёй, жанчыне, было ісці абранай дарогай? Які след у яе душы пакінуў Шумілінскі раён? Давайце паспрабуем знайсці адказы на гэтыя пытанні ва ўспамінах, якія Ніна Сяргееўна падарыла рэдакцыі нашай газеты.

Штрыхі біяграфіі
Ніна Сяргееўна Сянчура, ураджэнка вёскі Сянчуры Гарадоцкага раёна, настаўніца рускай мовы і літаратуры па адукацыі, пачала працоўную дзейнасць у Езярышчанскай сярэдняй школе. З 1960 года – на партыйнай рабоце. У Шумілінскім раёне Н. С. Сянчура працавала з 1969 года. Спачатку на пасадзе сакратара, другога сакратара райкама партыі, з 1975 года – старшыні райвыканкама. З 1976 па 1983 год Н. С. Сянчура была першым сакратаром райкама партыі. З 1980 да 1985 года з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Х склікання. У савецкія часы наведала дзесяць замежных краін, сем разоў была кіраўніком групы ў круізах па Еўропе. У Лондане выступала на шматтысячным мітынгу ад імя жанчын Беларусі ў барацьбе за мір. Перад выхадам на пенсію працавала сакратаром абласнога Савета прафсаюзаў.
Н. С. Сянчура ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі  Пашаны,  дзвюма медалямі,  Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

“Пасля адзінаццаці год працы ў школах Езярышчанскага і Гарадоцкага раёнаў мяне перавялі працаваць у Гарадоцкі райкам партыі. Я любіла школу, марыла працаваць настаўніцай усё жыццё, але ж і грэбаваць такім даверам не магла.
У красавіку 1969 года мяне нечакана выклікалі на бюро Віцебскага абкама партыі і прапанавалі працу ў Шумілінскім раёне на пасадзе сакратара райкама партыі. Я вагалася. У душы яшчэ жыла школай, ад мелодыі школьнага званка трымцела сэрца. Але першы сакратар абкама Аляксандр Нікіфаравіч Аксёнаў  даў мне толькі двое сутак, каб падрыхтавацца і ехаць на работу ў Шуміліна.
Павёз мяне “каранаваць” сакратар абкама Сямён Дзмітрыевіч Каваленка. Ён павёз мяне спачатку па вуліцах горпасёлка Шуміліна, потым паказаў сядзібы саўгасаў імя Кароткіна і “Лаўжанскі” і толькі потым адвёз у райкам партыі, пазнаёміў з першым сакратаром. Пленум праходзіў у Доме культуры (старым драўляным будынку). Райкам тады месціўся ў цагляным двухпавярховым будынку, дзе зараз бібліятэка.
На вуліцах паўсюды была гразь, ніякіх тратуараў і дарожак, ад будынка райкама партыі да клуба былі пакладзены дзве дошкі для праходу, але прайсці па іх у туфлях з абцасамі было нерэальна. Васіль Георгіевіч заўважыў: “Вам бы пераабуцца”. Добра, што ў мяне былі з сабой гумавыя боцікі.
На пленуме С. Д. Каваленка зачытаў маю біяграфію, спытаў у прысутных камуністаў, якія будуць меркаванні наконт зацвярджэння. З залы пачулася: “Абраць!”, “Зацвердзіць!”, “Ведаем яе!” Гэта выказалі сваю думку дырэктар саўгаса “Мішневічы” Алтыца, старшыня камітэта народнага кантролю Андрэеў, загадчыкі аддзелаў райкама партыі Красноў і Галыня – яны сустракаліся са мной на нарадах у Віцебску і Мінску.
Мяне зацвердзілі сакратаром РК КПБ, а праз шэсць месяцаў абралі другім сакратаром, пасаду якога займаў Г. А. Лінаў. Генадзь Афанасьевіч заняў пасаду старшыні райвыканкама, а Петрачэнку (былога старшыню райвыканкама) зацвердзілі на пасадзе першага сакратара Лепельскага РК КПБ.
У 70-80 гады на кіруючых пасадах раёна працавала шмат удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, чый лёс апаліла вайна. Самой мне было дванаццаць год, калі пачалася вайна, таму жах ліхадзейства фашыстаў на акупіраванай беларускай зямлі жыў і ў маім сэрцы. Знаёма мне было і тое прагнае жаданне дзяцей і моладзі вучыцца, як толькі гэта стала магчымым, паступаць у тэхнікумы і інстытуты, мацаваць сваю краіну. Я ведала, што Шумілінскі раён выйшаў з вайны знявечаны, вобразна кажучы, з падпаленымі крыламі. Тут усё было разбурана, спалены амаль усе будынкі Шуміліна, сем вёсак Шумілінскага раёна фашысцкія нелюдзі спалілі разам з жыхарамі…
Мне было проста працаваць з людзьмі, я разумела клопаты механізатараў, жывёлаводаў, інтэлігенцыі. Я заўсёды любіла і паважала людзей, дапамагала, чым магла. Загадчыкі аддзелаў райкама партыі Красікаў, Мароз, Пеніна разам з інструктарамі і сакратарамі пярвічных арганізацый раёна праводзілі актыўную агітацыйна-масавую работу сярод насельніцтва, найперш дапамагалі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям-сіротам, удовам загінуўшых воінаў.

Н. С. Сенчура и первый секретарь ЦК КПБ П. М. Машеров на полях колхоза имени Ленина Шумилинского района. Фото 1980 года

Вялікую работу праводзіла і рэдакцыя раённай газеты “Герой працы”, рэдактарам якой спачатку працаваў Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі, потым Анатоль Паўлавіч Бруцкі. Друкарня выпускала плакаты з фотаздымкамі перадавікоў вытворчасці за кожны квартал (нават работнікі ЦК КПСС везлі ўзоры нашых плакатаў у Маскву), газета пісала звароты да механізатараў перад вясенняй сяўбой і ўборкай ураджаю, шмат давала матэрыялаў пра людзей працы.
У той час многа будавалі аб’ектаў вытворчасці: льнозавод, масласырзавод, хлебапякарню, Дом культуры, новы будынак райкама партыі (цяперашні будынак райвыканкама – рэд.), сярэднія школы ў Мішневічах, Сіроціне, Обалі, Кардоне і ў Шуміліне.
У чэрвені 1975 года мяне прызначылі старшынёй Шумілінскага райвыканкама. Былога старшыню Генадзя Афанасьевіча Лінава перавялі на работу ў Віцебскае УУС.
У раёне катастрафічна не хапала жылля. Кожны панядзелак, у дзень прыёму першага сакратара, у прыёмнай збіралася па некалькі дзясяткаў жыхароў, прасілі выдзеліць пакой ці які вугал памяшкання. Тады на чалавека выдзялялася па сем метраў жылой плошчы. Некаторыя прадпрыемствы – райсельгастэхніка (начальнікам тады быў Леанід Ягоравіч Багданаў), міжкалгасбуд, меліяратары, райспажыўсаюз – самі будавалі жыллё для сваіх рабочых.
(Працяг будзе.)
Матэрыял падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *