І чалавек ідзе ў пракуратуру
Работа са зваротамі грамадзян – адзін з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў. У канчатковым выніку яна накіравана на паляпшэнне якасці жыцця людзей, максімальнае палягчэнне рашэння пытанняў, з якімі грамадзяне сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці.
У пракуратуру Шумілінскага раёна паступіла 18 зваротаў грамадзян, 2 з іх задаволены, 16 зваротаў юрыдычных асоб (задаволена 12), 3 звароты вернуты ў сувязі з нявыплатай дзяржаўнай пошліны.
Варта адзначыць, што па-ранейшаму ў органы пракуратуры паступае значная колькасць зваротаў, вырашэнне якіх не ўваходзіць у нашу кампетэнцыю. У сувязі з гэтым для разгляду ў іншыя органы накіраваны 32 звароты.
Са скаргамі на дзеянні органаў следства і дазнання ў пракуратуру паступіла 7 зваротаў, юрыдычныя асобы часцей за ўсё звярталіся з хадайніцтвамі аб абароне іх інтарэсаў у гаспадарчых судах.
У кожным выпадку пракурорскія работнікі ўважліва вывучалі праблему, пры неабходнасці прымалі адпаведныя меры для аднаўлення парушаных правоў грамадзян.
У пракуратуру звярнулася жыхарка раёна з просьбай звярнуцца ў яе інтарэсах у суд з заявай аб пазбаўленні дзеяздольнасці свайго грамадзянскага мужа, з якім пражыла на працягу 30 год, бо апошні мае псіхічныя адхіленні, стаў агрэсіўным. Жанчына ў сілу ўзросту не можа ажыццяўляць догляд і кантроль за яго паводзінамі. Пракуратурай зварот задаволены, у інтарэсах заяўніцы ў суд раёна была накіравана адпаведная заява.
Разам з тым, пачасціліся факты, калі грамадзяне злоўжываюць правам на зварот, шляхам падачы шматразовых заяў імкнуцца аказаць ціск на прыняцце дзяржаўнымі органамі рашэнняў на іх карысць, атрымаць не прадугледжаныя заканадаўствам перавагі. Як паказвае практыка, для некаторых асоб пастаянная перапіска з рознымі ведамствамі ператварылася ў своеасаблівае хобі. На разгляд такіх зваротаў губляецца час, што, у сваю чаргу, можа паўплываць на якасць разгляду іншых паступаючых абгрунтаваных зваротаў. Акрамя таго, улічваючы, што фінансаванне дзейнасці дзяржструктур ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту, падобная перапіска вядзе да іх нерацыянальнага выкарыстання, наносіць урон фінансавым інтарэсам дзяржавы.
У сувязі з гэтым пракуратурай Віцебскай вобласці прыняты меры для рашэння пытання аб вызначэнні парадку разліку расходаў, звязаных з разглядам зваротаў, у мэтах іх наступнага спагнання з нядобрасумленных заяўнікаў.
Д. ХРАЛОВІЧ, намеснік пракурора Віцебскай вобласці, малодшы саветнік юстыцыі.