Праздник профессии. Водитель автобуса Николай Бабичев

Общество

31 год за рулём
Уся працоўная дзейнасць Мікалая Аляксандравіча Бабічава – а пачалася яна ў далёкім 1982 годзе – звязана з аўтамабілем і дарогай. Пачынаў, як і многія шумілінскія вадзіцелі, з сельгастэхнікі, найбуйнейшага на той час раённага прадпрыемства. Пасля распаду арганізацыі ўладкаваўся на аўтобусную станцыю вадзіцелем аўтобуса. Тут і застаўся. Зараз М. А. Бабічаў – брыгадзір, у яго падначаленні 7 чалавек.
Вопытнаму шафёру ёсць чаму павучыць і што параіць маладым і пачынаючым. “Акуратнасць і ўважлівасць на дарозе – гэта найгалоўнае, – кажа Мікалай Аляксандравіч. – А яшчэ вадзіцелю аўтобуса трэба быць цярплівым, вытрыманым і абыходлівым, свайго роду псіхолагам”. Вадзіцель Бабічаў менавіта па гэтых крытэрыях і працуе. Не дарэмна ён узнагароджаны нагруднымі знакамі ўсіх трох ступеняў за безаварыйную работу.
Самы рэйсавы дзень у М. А. Бабічава – пятніца, робіць 4 рэйсы, праязджае звыш 300 км па раёне. Рабочы дзень звычайна пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, калі адпраўляецца, скажам, на Дубраўскае ці Цербяшова, і заканчваецца амаль у дзевяць вечара, калі прыязджае з рэйсу на Крывое Сяло. Складана, прызнаецца вадзіцель, але ж па душы работа, ды і прывык.
М. А. Бабічава паважае кіраўніцтва Полацкага аўтапарка № 2 і аўтастанцыі, цэняць калегі, яму часта дзякуюць пасажыры. А гэта самыя высокія адзнакі і самы вялікі стымул працаваць яшчэ больш старанна і адказна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *