Старэем. Попыт на сацыяльную службу
Узяўся за пяро, каб асвятліць работу па аказанні сацыяльнай дапамогі на даму ў Каўлякоўскім сельсавеце, і ўсплылі словы: “Старасць – не радасць, а маладосць – не навек”. Менавіта з такіх пазіцый і павінна зыходзіць сацыяльная служба, закліканая дапамагчы нямогламу чалавеку дастойна дажыць жыццё. Адсюль і прынцыповасць у патрабаваннях старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай, якая вяла пасяджэнне прэзідыума райсавета. На парадку дня першым пытаннем і стаяў аналіз сітуацыі з аказаннем сацыяльнай дапамогі на даму на Каўлякоўшчыне.
Дакладвала старшыня Каўлякоўскага сельсавета Т. А. Дзятлава. Таццяна Анатольеўна адзначыла, што сацыяльныя работнікі ахопліваюць клопатам 66 чалавек, з іх 52, якія пражываюць адны. Даводзіцца шкадаваць, што абдзелены падобнай увагай нямоглыя людзі ў вёсках Бокішава, Улазавічы, Івоніна. Сацыяльны работнік там быў бы запатрабаваны, аднак не могуць на месцы падабраць кандыдатуру. Наогул жа ў сельсавеце працуюць 10 сацыяльных работнікаў, у тым ліку 7 – на поўную стаўку. Не шкодзіла б знайсці яшчэ аднаго ў аграгарадку Крывое Сяло, аднак праблема тая ж. Праўда, на цэнтральнай сядзібе з гэтым будзе прасцей.
Т. А. Дзятлава выйшла з ідэяй з цягам часу будынак Полькавіцкай школы, дзе сёння размяшчаецца дзіцячы садок, перадаць пад сацыяльныя ложкі для нямоглых людзей.
І. М. Новікаву цікавіла, між тым, што зроблена канкрэтна па замене непрыгоднай электраправодкі, рамонце печаў старым людзям. Т. А. Дзятлава расказала, што па замене кабелю засталася адна заяўка, астатнія чатыры выкананы. Дамовіліся з дзецьмі пенсіянераў, яны закупілі электракабель, а мясцовая гаспадарка бясплатна зрабіла мантаж. Горш па печах. Дробныя рамонты робяцца, а каб капітальна перакласці печку, патрэбна дакументацыя, інакш плацеж не прапусціць казначэйства. А майстравы пячнік, як вось у Бешанковічах, не можа і не хоча вазіцца з паперамі.
Гэтую думку пацвердзіла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. Тым не менш цэнтр праплаціў за 3 печкі звыш 27 мільёнаў рублёў. Дарагія паслугі, скажам прама – у сярэднім па 9 мільёнаў за кожную. Акрамя гэтага, “завіслі” 4 печкі, гаспадары якіх ўваходзяць у зіму з трывогай на сэрцы. На 2014 год запланавана адрамантаваць 8 печак, улічваючы тыя, што “завіслі”. “Чаму ж вы не падавалі заяўку на дадатковае фінансаванне? – заканамернае пытанне начальніка фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. – Грошы знайшлі б…”. Тое самае можна сказаць і па замене электраправодкі (па раёне самых праблемных 5 дамоў).
Пра клопат аб забеспячэнні старых людзей дрывамі. Дырэктар райпаліўзбыту У. М. Кійко праблем з завозам паліва не бачыць. Напрыклад, чарга на дастаўку дроў 54 чалавекі. Кантакты з Шумілінскім лясгасам наладзіліся, адтуль дровы паступаюць бесперабойна.
“Трэба шукаць новыя формы работы, – пераканана І. М. Новікава. – У вобласці практыкуюць дамы сумеснага пражывання, гасцявыя сем’і. У пошуку нашы суседзі з Гарадоцкага раёна. Як у нас з гэтым?”. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекавай, спрабуюць “зачапіцца” за новыя формы работы, апытваюць нямоглых людзей, але справа пакуль што не скранулася. А што, скажам, будзе запатрабавана такая форма, калі ўсе старыя людзі ў маленькіх вёсках на зіму пяройдуць у адну хату (і цяплей, і весялей, і больш ашчадна) – у гэтым мала хто сумняваецца.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2013 г.