Заработать на зарплату

Сельское хозяйство Экономика

Цяжкім грузам ціснуць даўгі
Заработную плату трэба зарабіць. Так павінна быць. Як жа на самой справе?  Сельгаспрадпрыемствы выплачвацюь зарплату за кошт прададзенага малака. А ці хапае яго?
Возьмем ААТ “Прыазёрны мір”.
“Па папярэдніх разліках на 17 кастрычніка за дзень на малацэ зарабляем прыкладна 24 мільёна рублёў, – кажа галоўны эканаміст гаспадаркі Ларыса Баркоўская.  –  У кастрычніку заробім  744 мільёны рублёў. На заработную плату трэба 687 мільёнаў”. Але ў ААТ “Прыазёрны мір” ёсць яшчэ рэзервы,  іншая крыніца даходаў: па 30 мільёнаў яшчэ не выплацілі за прададзенае зерне “Вітконпрадукт” і “ЭкамолАгра”, 50 мільёнаў – райспажыўтаварыства. Акрамя таго, за першую палову кастрычніка гаспадарка здала на мясакамбінат буйной рагатай жывёлы на суму 120 мільёнаў рублёў.
“ААТ  “Прыазёрны мір” і “АграБаравінка” –  тыя  гаспадаркі, якія больш-менш  зарабляюць сабе на заработную плату. Вядома, і ў гэтых гаспадарках ёсць даўгі , напрыклад, перад ААТ “Малако”, але яны з імі разлічваюцца. Затое калі трэба, бяруць у доўг і яшчэ.
Ва ўсіх астатніх гаспадарках з гэтым значна горш. Штомесячна ўзнікае праблема па выплаце заработнай платы ў КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы”,  ААТ “Прыдзвінскі”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.  І справа тут перш за ўсё ў тым, што накапіліся мінулагоднія даўгі. Напрыклад, доўг райаграсэрвісу  толькі перад ААТ “Малако”  складае 8,9 мільярда рублёў.
“Зарабляем за месяц прыкладна каля мільярда, – гаворыць галоўны эканаміст  УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”  Вераніка Манух. – На зар-плату за верасень  пойдзе дзесьці 988 мільёнаў. Сабекошт адной тоны малака 2,6 мільёна рублёў, сярэдняя цана –  2,9 мільёна. Рэнтабельнасць па малаку за студзень-верасень бягучага года склала 9%.  Выжылі б, каб не даўгі, якія трэба аддаваць і мясакамбінату, і камбінату хлебапрадуктаў, і некаторым іншым прадпрыемствам. Акрамя таго, ААТ “Малако” кожны месяц  не аддае нам усю суму, на якую здалі малако, а частку забірае ў лік пагашэння доўгу”.
Практычна такая ж сітуацыя  ў “Мішневічах”, “Сіроцінскім”, “Прыдзвінскім”.
Выйсце адно: больш зарабляць грошай ад рэалізацыі. А значыць, больш даіць малака. “Калі б ад  кожнай каровы атрымалі за дзень усяго на адзін літр больш,  за месяц выраслі б на 262  тоны, – падлічыла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Наталля Мончык. –  А значыць,  мелі б дадаткова выручкі 761 мільён рублёў”.
Маглі б, але не маюць. Акрамя важкасці надояў, няма патрэбнай рэалізацыі малака высокіх гатункаў. За студзень-верасень гэтага года на вытворчы цэх ААТ “Малако” здадзена толькі 23,3% малака гатункам “экстра”, а за адпаведны перыяд мінулага года было 43,7%. І яшчэ адна акалічнасць –  катастрафічна не хапае спецыялістаў.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *