За 9 месяцаў у яе 125 прагулаў
У нашым раёне пражываюць 103 абавязаныя асобы, якія павінны штомесяц выплачваць каля 1,5 мільёна рублёў за кожнае дзіця, што знаходзіцца на поўным забеспячэнні дзяржавы. За дзевяць месяцаў бягучага года абавязаныя асобы кампенсавалі дзяржаве каля 416 мільёнаў рублёў, а павінны былі амаль 893 мільёны. Пастаянную працу маюць 70 абавязаных, 17 зусім не працуюць.
Хочацца больш падрабязна спыніцца на тым, як абавязаныя асобы кампенсавалі выдаткі за верасень. Абавязаныя асобы, якія працуюць на ЗП “Славянскі прадукт”, кампенсавалі 174%, на ДКУБГП “Обальбуд” – 107%, СААТ “Вітконпрадукт” – 73,5%, у вытворчым цэху філіяла ААТ “Малако” – 30,4%, у ААТ “АграБаравінка” – 22,5%, на ААТ “Шумілінскі льнозавод” – 7,9% (прыведзены прадпрыемствы і арганізацыі з самымі вялікімі і самымі малымі працэнтамі выплат).
Як патлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч, асноўныя прычыны малых выплат абавязанымі асобамі – прагулы і, як вынік, малая зарплата, а таксама пасіўныя пазіцыі РАУС і наймальнікаў. “Напрыклад, за верасень супрацоўнікі міліцыі ні разу не даставілі абавязаных асоб на працу, – падкрэсліла Людміла Аляксееўна. – Хаця арганізацыі і прадпрыемствы раёна пастаянна прадстаўляюць транспарт для гэтага”.
Сітуацыя з прагуламі абавязаных асоб сапраўды вельмі трывожная. Так і хочацца спытаць ва ўсіх зацікаўленых асоб: як магла абавязаная асоба – жыхарка вёскі Бубалі Дубко – з пачатку года займець ажно 125 (!) прагулаў. Не дзіўна, што ў гэтай работніцы КУСГП “Ульскі” доўг звыш 19 мільёнаў рублёў. (Для даведкі: за дзевяць месяцаў было 188 рабочых дзён). Мініна з Шуміліна (працуе на СТАА “Вежа”) зрабіла 87 прагулаў, яе запазычанасць дзяржаве складае 17,8 мільёна рублёў; у Стральцовай з Башнёў (ААТ “АграБаравінка”) – 56 прагулаў, запазычанасць – 12,8 мільёна рублёў; у Ясінскай з Шуміліна (ААТ “Шумілінскі льнозавод”) – 70 прагулаў, запазычанасць – 17 мільёнаў рублёў; у Спірыдонавай з Залужжа (ААТ “Лаўжанскае”) – 53 прагулы, запазычанасць – 34,7 мільёна рублёў; у Хадзюковай з Обалі (УП ЖКГ) – 23 прагулы, запазычанасць – 17 мільёнаў рублёў. Прычым апошнія дзве ў кастрычніку на рабоце не з’яўляліся наогул.
“Неабходна актывізаваць работу з абавязанымі асобамі, – падсумоўвае Л. А. Грузневіч. – Толькі сумесная праца усіх зацікаўленых асоб можа прынесці плён. Важна зрабіць так, каб ні адзін прагул не заставаўся без увагі”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.