Зберажы ў сэрцы ноч сваёй маладосці
Мы падзелімся разважаннямі юнака 70-х гадоў, якому сёння за пяцьдзесят. А тады, у мінулым ужо стагоддзі, ён быў вучнем вясковай школы. Для яго быў той час, калі ноч была для спатканняў і пацалункаў. Ціхая лагодная ноч. Калі цёмна, калі ніхто цябе не бачыць, хіба адзін маладзік, халодная льдзінка сярпка, якая цікуе за ўсім, што дзеецца на зямлі. Разам са сваім зорным “статкам”, і гэтыя зоры манілі сваёй невядомасцю і нейкай таямнічай сілай. І летуценнасць цябе даймала так, што, здаецца, паляцеў бы, каб былі крылы, далёка-далёка, пад самыя зоры, і там жыў бы…
Але гэта – голы рамантызм, які з’яўляецца, калі ты яшчэ падлетак і начытаўся фантастыкі. Мы ж – пра тое, праз што прайшоў кожны з нас. Прайшоў, бо гэта першая па сутнасці фаза сталення. Калі ты ўжо юнак, а не хлопчык, калі з нязграбнага “брыдкага качаняці” вырастае раптам гожая паставай дзяўчына і ты пачынаеш ёю ўжо любавацца. Адтуль і полымя пачуццяў, самыя нежартоўныя страсці…
Усё пачынаецца з першага знака ўвагі, з першага погляду, калі чырванееш, заспеты знянацку, быццам у нейкім злачынстве. Усё пачынаецца ў школе, а пасля прыходзіць вечар, ноч, калі табе ўжо спаць не хочацца. Ты чакаеш, як Бога, першага з Ёй танца, калі бярэш у сваю спацелую руку яе, маленькую і зграбную, неўзабаве прыходзіць першы пацалунак ля вярбы над ціхім стаўком, калі словы лішнія, а ты прыслухоўваешся, як бяжыць унутры цябе, даводзячы да страху, нешта нязнанае раней, гарачае, нібыта падпалены бікфордаў шнур, як падбіраецца гэтае гарачае да сэрца. Пазней, магчыма, захочаш на пахкае сена ў адрыне, куды палезеш з Ёй. Для чаго, ты ўжо ведаеш, а яна яшчэ ўпотай спадзяецца, што ўсё будзе не так празаічна…
Ноч – для танцаў. Кожны з нас помніць, якімі былі яны. Раней – танцы, сёння – дыскатэка. Прынцып той жа. Мы помнім, як хадзілі, будучы вучнямі старэйшых класаў, за дзясятак кіламетраў, помню іх, калі сам ужо вучыў дзяцей у школе, але тады танцы былі на месцы, у вёсцы, у якой стаяла школа. Праўда, той-сёй шукаў сабе прыгод, гуртаваўся і ішоў праз змрочны лес у вёску, якая была зноў-такі за дзясятак кіламетраў. Знаходзілася, чаго граха таіць, у нас часам і божая сляза. Віно, а часцей самагонка, можа, нават сівуха, купленая ў бабкі Домны. Было, што каўталі яе з рыльца і не зважалі, што гэтае брыдкае пойла шкодзіць здароўю. Мы хмялелі, мы радаваліся маладосці. Мы любілі тады сваю ноч, як любім зараз, праз сорак гадоў, усцешаныя старэчымі ўспамінамі.
Мы былі маладыя і цанілі тое, што было для нас дарагім. Ніколі не рэзалі ў карты, не забівалі “казла”: сэрца наша прагнула дзявочай увагі. Не ўсім шчаслівіла. Да тых, хто быў зухаваты і прыгожы, дзяўчаты гарнуліся, а вось сарамлівыя хлопцы так і заканчвалі школу не цалаванымі. Аднак і цнотаў, і тых, хто больш рэзвы ці прыгожы тварам, і сёння пацалунак (рэальны ці мройны) кліча ў зманлівую краіну юнацтва. Яна была, гэтая краіна, і ніколі не знікне. Пакуль будзе жыццё на зямлі. Бо так ці прыкладна так усё пачыналася і ў нашага дзеда, прадзеда, у нашых бацькоў, з гэтым не мінуць сустрэчы і тыя, хто яшчэ не нарадзіўся…
Ноч маладосці згадваеш заўсёды. Яна і сёння, праз гады, свежая, чыстая, быццам некранутая часам. Аднак ты разумееш, што час іх крануў, і сёння некаторыя начныя прыгоды ўспамінаеш са смехам і іроніяй. Бо пасталеў, бо стаў больш разважлівым. Але ці стаў больш чыстым? Наўрад. Бо “аброс” новым “брудам”, які не змыеш ні ў якой лазні. Бо бруд гэты – тваё сумленне, з якім ішоў ты не раз на здзелку, твой заплямлены гонар і твая падмочаная рэпутацыя. І яшчэ – чалавечая годнасць, якую растрос па дарозе жыцця. Таму што, як пісаў некалі Янка Купала, “гнуў сваю спіну ў крук”.
Ноч маладосці ў кожнага свая. Кожны з нас праз яе праходзіць. Так было, так ёсць і так будзе!..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.