Люди и судьбы. Золотые медали Зои Карнаковой

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

Залатыя медалі і сярэбраны
Зоя Іосіфаўна Карнакова можа гадзінамі расказваць пра свінаферму, якая калісьці была ў Лескавічах, і на якой яна адпрацавала сорак гадоў. Ды адпрацавала не абы-як, а старанна, сумленна. Па рашэнні галоўнага камітэта Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі за поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі  адну з лепшых свінарак Шумілінскага раёна  ў 1979 і 1982 гадах ўзнагародзілі залатымі медалямі. Пасведчанні гэтых медалёў жанчына перадала ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Зоя Іосіфаўна вывучылася на рахункавода, але адпрацавала на гэтай пасадзе нядоўга. “Моладзь – на фермы!”  – такі заклік быў у той час да камсамольцаў, –  успамінае жанчына. – І многа хто на яго адгукнуўся”. З. І. Карнакова палічыла, што ёй, маладой і здаровай, сорамна займацца  лёгкай работай рахункавода. Таму і пайшла працаваць на ферму.
“У 60-я гады на свінагадоўчай ферме ў Лескавічах было больш за  паўтары сотні свінаматак, – згадвае жанчына. – Загадчыцай фермы тады працавала Еўдакія Пятроўна Кавалёва. Добрая была жанчына, ды і мы, свінаркі, стараліся”. З. І. Карнакова і зараз помніць тое вялізнае поле, дзе былі пасеяны гарох з вікай – туды на дзень выпускалі свіней. А летам і ўвосень, калі ў калгасным садзе, што знаходзіўся непадалёк, было багата яблыкаў, свіней выпускалі паласавацца ападамі. І такі яблычны рацыён, па ўсім відаць, быў даспадобы жывёле.
У пачатку 70-х Зоя Іосіфаўна ўзялася атрымаць у сваёй групе з 33 свінаматак паўтысячы парасят. “Ну, вельмі хацелася выканаць абяцанае слова, – усміхаецца жанчына. – Ведала, што пры апаросе свіней галоўнае быць уважлівым. Бывала, устану разам з пеўнямі і бягу гадзіны за тры да пачатку рабочага дня на ферму. Мне ж трэба праверыць, ці быў апарос, ці добра справіліся вартаўнікі. Бывала, што і  цэлую ноч праводзіла на ферме. Усім прамудрасцям работы навучылася яшчэ ў дзяцінстве, бо мая маці таксама ўсё жыццё адпрацавала свінаркай”. Дарэчы, той рубеж, да якога імкнулася, для яе аказаўся пад сілу. У выніку – зноў ВДНГ і сярэбраны медаль.
Ёсць у свінаркі і ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга. І зноў за працу старанную. За тое, што сябе не шкадавала, мацавала калгас.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *