Лепшы зноў “Райаграсэрвіс”
У суботу ў Шуміліне прайшла традыцыйная раённая спартакіяда сярод сельскіх жыхароў па сельскіх відах спорту. За перамогу змагаліся каманды УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Прыазёрны мір” і КУСГП “Сіроцінскі”, (дарэчы, на чале каманды “Сіроцінскага” быў старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў).
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў пажадаў удзельнікам яркай спартыўнай барацьбы і прыгожых перамог.
Адкрывала праграму спартакіяды лёгкая атлетыка. Лідарства адразу захапілі спартсмены з “Сіроцінскага”, якія і выйгралі лёгкаатлетычныя старты, другі вынік за УП “Райаграсэрвіс”, трэці – за ААТ “Прыазёрны мір”.
Далей былі гульнявыя віды спорту – валейбол і міні-футбол. – У першым матчы сустракаліся “Шумілінскі райаграсэрвіс” і “ Сіроцінскі”. Дзве каманды годна змагаліся за перамогу, праўда, на першы план у гэтым супрацьстаянні выйшаў вопыт выступленняў. А яго, безумоўна, больш у “Райаграсэрвісу”. Ён і выйграў спаборніцтвы ў валейболе і міні-футболе. Другія месцы ў КУСГП “Сіроцінскі”, трэція – у ААТ “Прыазёрны мір”.
А вось у спаборніцтвах сярод канатчыкаў адбылася, можна сказаць, сенсацыя. Яшчэ да пачатку стартаў перамогу ўсе аддавалі “Райаграсэрвісу”, якія на працягу апошніх год былі тут яўнымі фаварытамі і пераканаўча выйгравалі. Але не на гэты раз. Самымі моцнымі сталі хлопцы з “Прыазёрнага міру”, другое месца ў “Райаграсэрвісу”, трэцяе – у “Сіроцінскага”.
Па выніках спартакіяды сярод сельскіх жыхароў па летніх відах спорту перамагла каманда УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, другое месца ў КУСГП “Сіроцінскі”, трэцяе – у ААТ “Прыазёрны мір”.
Грэка-рымская барацьба
У Гомелі прайшоў прадстаўнічы міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе. Не засталіся без узнагарод і нашы землякі: у вагавой катэгорыі 66 кг другое месца заваяваў Уладзіслаў Грачухін (трэнер Пётр Ганушчанка).
Біятлон
У Наваполацку прайшла спартакіяда Рэспублікі Беларусь сярод выхаванцаў ДзЮСШ па біятлоне. У спаборніцтвах прынялі ўдзел і нашы землякі. За віцебскую каманду СДзЮШАР “Алімпіец” выступалі Кірыл Цюрын і Ганна Сола (першы трэнер Генадзь Салапаеў), Уладзіслаў Васільеў і Вольга Гаўрылкіна (трэнер Генадзь Салапаеў). Дарэчы, усяго ў каманду ўваходзіла шэсць спартсменаў.
У першы дзень прайшлі спаборніцтвы па спартыўнаму мнагабор’ю. У сваіх узроставых катэгорыях перамаглі Кірыл Цюрын і Уладзіслаў Васільеў.
У спрынце на лыжаролерах перамогу святкаваў Кірыл Цюрын (на агнявых рубяжах Кірыл дапусціў адзін промах). Сярод дзяўчат нашай каманды лепшы вынік у Вольгі Гаўрылкінай, якая з двума промахамі стала шостай у спрынце.
Спартакіяда
Ноўка прымала занальную абласную спартакіяду. За адзіную пуцёўку ў фінал абласной спартакіяды змагаліся каманды з Шумілінскага, Віцебскага, Лёзненскага, Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў. На рахунку нашых спартсменаў – перамогі ў валейболе (жаночым і мужчынскім) і настольным тэнісе. У спаборніцтвах па міні-футболе, стрытболе і гіравым спорце землякі заваявалі другія месцы.
Па выніках спартакіяды наша каманда заняла другое месца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.