Няўжо ісціна ў віне?..
Успомніў блокаўскае: “А рядом у соседних столиков лакеи сонные торчат, и пьяницы с глазами кроликов “іn vino veritas” кричат”. Помню чатырохрадкоўе яшчэ са студэнцкай пары. Тады мы часцей згадвалі апошнія два радкі, вырывалі іх з кантэксту, калі садзіліся за стол, на якім, як сказаў бы Я. Колас у “Новай зямлі”, “стаяць, як біскупы, бутэлі, і ласа ўсе на іх глядзелі”. Было гэта не так часта, хаця “без кроплі” ў студэнтаў не абыходзілася.
Нас пацяшалі словы, у якія мы, аднак, укладвалі свой сэнс. Тады не прыдумалі (а можа, прыдумалі, ды мы не ведалі) заканчэння, накшталт сённяшняга “ergo bibamus”, каб атрымалася больш “закончанае” – “ісціна ў віне, значыць – вып’ем”, тады мы мелі на ўвазе сваё, студэнцкае. У нечым з выклікам, каб апраўдаць гэтую чарку, а можа, хто і перад дзяўчатамі фарсануць, маўляў, а мы і латынь ведаем. Хаця па сутнасці мы былі тады ўчарашнімі дзецьмі, якія вылецелі, як птушкі ў вырай, у вялікі горад на чатыры ці пяць гадкоў. Пазней, калі выйшлі са сцен інстытута, калі сапраўды пасталелі, бо пайшлі на свой хлеб, словы А. Блока не чытаў ні за якім сталом. Хаця яны і заселі ў памяці, бо яны адтуль – са студэнцкага часу, калі многае помніцца да дробязей, калі былі маладыя і не ва ўсім разважлівыя ды разумныя.
Сёння яны “выплылі” па зусім іншай нагодзе. Сёння хочацца паразважаць па тэме з “барадой”. Тэме, у рашэнні якой няма прасвету і ні ў блізкай, і не самай блізкай перспектыве. Гаворка пра п’янства, пра алкаголікаў – як сацыяльнае пекла. Гаворка пра тое, што вяртае чалавека да самай нізкай стадыі развіцця, можа, робіць з яго неандэртальца – выкапнёвага чалавека, які жыў, як кажуць, пры цару Гароху. Але ж жыў, і тут таксама, дзе жывём мы з вамі. Уявіце такога калматага і неахайнага, напэўна, зблышывелага паўчалавека-паўмалпу, які не ведаў (не прыйшла пара) ні культуры, ні пісьма. Не зведаў ён і такой атруты, як гарэлка – яе завезлі ў Еўропу значна пазней, калі чалавек захацеў відовішча і кайфу.
Сёння гарэлка на Зямлі невыводная. Як і бульба, як і збожжа, з якіх робяць спірт. І пераводзяць усё гэта, пераганяюць, каб рабіць атруту. “Ну, ты скажаш – атруту?!” – прыме нехта ў штыкі фразу і будзе мець рацыю. Паглядзіце, ніводнае застолле ў нас не абыходзіцца без гарэлкі. Льецца яна ракой на вяселлі, за жалобным сталом, на днях нараджэння дзяцей, і на сваіх юбілеях. Не ўяўляем мы жыцця без яе. І чым далей, тым страшней. Як у казцы. Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, каб знішчыць гэтага “змея”. А ён не паддаецца. У яго не тры, не пяць, у яго мільёны галоў, больш таго, адсячэш у яго адну галаву – вырастае дзесяць. Вось зараз хто адмовіцца дастаўляць у самую глухую вёсачку гарэлку ці віно? Ні адзін прадпрымальны чалавек не адмовіцца, і ведаем, чаму. Вядома, на законнай падставе. Называецца, вязуць віно з дастаўкай на дом. Вось так наблізілі гандаль да спажыўца. Так вырашыла дзяржава. Раней бабуля совала плугару ў кішэню за работу пяцьдзясят тысяч, за якія ён мог купіць і каўбасу, сёння дае дзве ці тры пляшкі віна.
Cёння гарэлкі хоць заліся. Усякай. Віна і гарэлкі, брэндзі і рому, лікёраў і віскі…Хіба звядзеш яе калі-небудзь? Ніколі. І наша барацьба (пасля вынесеных пастаноў, указаў, дэкрэтаў) толькі на момант гасіць агонь. Ён праз нейкі час разгараецца з новай, яшчэ больш лютай сілай. Не помню, каб гадоў сорак назад было столькі жанчын-алкаголікаў. Сёння ссінелая, з дрыжачымі рукамі і растрапанымі валасамі жанчына – як пудзіла ў агародзе. Хто такую любіць, што ў ёй прыцягальнага можа знайсці мужчына?..
Словам, вар’ятамі робяцца па сваёй ахвоце. А было ж, што фашысты дзякуючы віну развязвалі язык нямоцнаму духам партызану, дамагаліся таго, чаго хацелі. Вядома, не ва ўсіх, калі браў шклянку-другую гарэлкі (адсюль і сапраўдны сэнс лацінскага выразу: што ў цвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку), развязваўся язык, аднак, кажуць, усё ж віно – дзейсны сродак.
Ёсць думка, што трэба перавесці народ на вінаграднае віно ці наогул віно натуральнае. Моцнае ці сухое. І ўсё. Было б нядрэнна, хаця гэта ў ідэале. Калі так і будзе, то не так скора, як хацелася б. Тым не менш хочацца, каб і тады абышлося без вар’яцкіх п’янак і папоек. Бо ведаеш: у крыві ў нас застольны “вірус”, а “тармазы” спрацоўваюць далёка не ў кожнага.
Жанчына, якая малодзіць…
Толькі хранічна хворы не бачыць жаночай прыгажосці. Якая яна, прыгажосць, і якая жанчына, што падабаецца нам, мужчынам? Пытанні гэтыя, па-мойму, вечныя. Як вечнае жыццё наша.
Усё пайшло ад Адама і Евы. Няхай так, няхай будзе, як у Евангеллі. Мусіць, так прасцей чалавеку не мучыцца пытаннем, што ён – грэшны. Усе мы грэшныя на гэтай зямлі. У кожнага свой грэх. Свой крыж, які трэба пранесці годна і па-чалавечы.
Уявім сабе, што на зямлі не засталося жанчын. Ну, што з намі, мужыкамі, адбылося б? Я не пра тое, што не было б дзяцей (хіба з прабірак ды мензурак), я пра іншае – пра тое, што яны, жанчыны, робяць з намі. Ад чаго да іх такое прыцяжэнне? Бог стварыў нас, каб мы жылі побач, разам. Калі паставіць на месца жанчыну, то, хутчэй за ўсё, і яна без мужчыны не абыдзецца. Якімі б рэвалюцыі не былі, які б першабытны лад не прыдумала чалавецтва (матрыярхат, патрыярхат), як бы ні старалася яна быць эмансіпіраванай, незалежнай, але без мужчын яна не абыдзецца. Хіба што фрыгідная жанчына, халодная, або з мужчынскімі рысамі твару і замашкамі.
Жанчына нас малодзіць. Вядома, не кожная, і не заўсёды. І тут, справа, вядома, не ў адным сексе. І нават не ў тых дзявочых ножках, якія растуць ад вушэй. Не люблю мадэлей і супермадэлей. Ніколі не гляджу па тэлебачанні шоу з удзелам гонкіх і празрыстых, ігнарую падобныя шоу ў раёне. Магчыма, я старамодны і нечага не разумею ў жанчынах. Магчыма. Але аб густах не спрачаюцца. Прачытаў у кнізе, якой амаль сорак гадоў: “Па-дзявочы маладыя грудзі вырываліся з празрыстай кофтачкі, з наіўнага палону вузенькага ліфчыка” і адразу адчуў, што я мужчына. Гераіня прываблівае, бо яна сексуальная, яна какетка. Вядома, у меру. Такая сапраўды малодзіць мужчыну. Не какотка, якіх не пераношу на дух, а менавіта жанчына, якая ўмее паказаць сваё, жаночае, ад чаго ў мужчыны пачынае шалёна біцца сэрца. Што гэта, сваё – няхай скажа яна сама, яна сама павінна ведаць, чым прывабіць мужчыну. Калі, вядома, навучыла жыццё. Ці ўсё-такі такі дар даецца жанчыне прыродай?
Без жанчын нам, мужчынам, ну, ніяк! У той жа кнізе чытаю: “Яна праводзіла яго да дзвярэй, хутаючыся ў халат, які нічога не ўмеў у ёй схаваць”. У тыя гады, калі выходзіла кніга, фраза пурытаніну з савецкіх часоў магла падацца з душком разбэшчанасці. Рэдактары маглі параіць пісьменніку: “Ну, навошта такі халат? Няхай бы купіла такі, каб закрывала калені. І не празрысты – баваўняны…”. Сёння для жанчын столькі аксесуараў, і такія яны звышмадэрныя і празрыстыя, што халацік з 80-х можна смела здаваць у музей, а мужчыны-імпатэнты вымерлі б, як маманты. Не вымерлі, іх становіцца яшчэ больш. Чаму? Цяжка сказаць, можа, экалогія, а можа, такі час, калі ўсё бяжым, бяжым і не можам спыніцца. А мне здаецца, знікла ў жанчыны (з прыходам розных “міс” і шоу, дзе жанчына напалову голая) загадкавасць, тая “разынка”, якая заўсёды прыманьвала да сябе…
Густы мяняюцца. А жанчына застаецца. Яна мяняецца з часам, але яна – жанчына. Праўда, сёння яна больш разняволеная. Пад уплывам часу і СМІ. Але яна для нас патрэбна, як паветра. Дзіка глядзець, як цалуюцца-мілуюцца двое маладых хлопцаў або звіваюцца ў экстазе дзве дзяўчыны. Гэта ўсё прыйшло з Захаду. Хочацца думаць, што да рэгістрацыі шлюбу двух маладых хлопцаў, як гэта робіцца ў Францыі, у нас справа не дойдзе. Гэта адхіленні ў псіхіцы, тут проста малады чалавек не ўмее цаніць у жанчыне жаночае. Толькі ёй адной уласцівае. Ёй, і нікому больш.
Па жыцці яны ідуць побач – Ён і Яна. Як адно цэлае. І мужчына адчувае сябе маладым толькі побач з той жанчынай, якая малодзіць яго. Для некага тая, што на “скаку коня остановит, в горящую избу войдёт”, для другога – тонкая далікатная істота. Галоўнае, каб той, з кім ідзеш па жыцці, ведаў, што без другой палавінкі яму няма жыцця!..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.
«Усё пайшло ад Адама і Евы. Няхай так, няхай будзе, як у Евангеллі.»
Вообще-то Адам и Ева — это Ветхий завет, а не Евангелие.
Што курыць аўтар? Думка першай паловы артыкула больш ці менш зразумелая. Дзе згубіўся сэнс другой — застаецца здагадвацца. Мабыць, быў намер расказаць пра тое, як п’янства забівае жаноцкасць? Тады чакаем працягу…
Вероятно имелось ввиду, что женственность утрачивается под влиянием глобализации. Безусловно, размывается национальная идентичность,культура, традиции. Население помешалось на деньгах, товарах. На первом месте -добытчики, потребление материальных благ любой ценой…А что в этом хорошего?