После рейда по неблагополучным семьям

Закон Общество

У хаце, як у хляве. Але і ў хляве прыбіраюць
Падчас апошняга рэйду “Сям’я – без насілля” члены міжведамаснай групы наведалі каля дваццаці сем’яў, якія пражываюць у Сіроцінскім сельсавеце. Як жывецца малым? Ці ёсць умовы для нармальнага жыцця? Ці ёсць што дома паесці? Ці цвярозыя бацькі? На гэтыя пытанні і звярталі ўвагу члены рэйдавай групы.
Напачатку завіталі ў Слабаду. Нельга сказаць, што тут усё цудоўна, пабачылі і кватэры з брудам, і не зусім цвярозых бацькоў. Хаця, трэба адзначыць, у большасці сямей, што наведалі, быў парадак. Па ўсім відаць, пастаянны кантроль за неблаганадзейнымі сем’ямі прыносіць свой плён. Бацькі задумваюцца пра свае паводзіны, а калі сказаць па праўдзе, многія  проста баяцца, што могуць застацца без дзяцей. Такую ж карціну пабачылі і ў Сіроціне. Адным словам, больш-менш годная сітуацыя, праўда, са сваімі нюансамі.
Толькі вось не да ўсіх даходзіць, што можна застацца без дзяцей. Сям’я з Зямцоў на кантролі раённага “рангу” ўжо даўно. Зрухаў станоўчых там ані-якіх (толькі бруду пабольшала). У хату не зайсці. Хіба толькі ў гумавых ботах (дзіву даешся, як гаспадары і дзяўчынка там проста ходзяць). Да посуду страшна дакрануцца, не тое, што есці. А пра ложак дык і казаць няма чаго: прасціна шэрая, страшэнная, нейкае шмаццё замест коўдры…
Як толькі члены групы зайшлі ў хату, адразу гаспадыня пачала рабіць выгляд, што прыбірае. Гаспадар таксама пачаў калупацца, але раптам “успомніў”, што тэрмінова трэба на работу. Жанчына ўзялася запэўніваць, што заўтра абавязкова навядуць парадак.
Праўда, пра гэтае “заўтра” ўсе добра ведаюць. На жаль, з гэтай сям’ёй пазнаёміўся гады два назад падчас падобнага рэйду. Бардак быў і тады, толькі меншы. Гаспадары слёзна запэўнівалі, што дзеля дзяўчынкі зробяць усё, а наводзіць парадак пачнуць заўтра. Таксама паказалі трубак пяць-шэсць шпалераў. Маўляў, рыхтуемся да рамонту. Толькі вось паклеіць за два гады змаглі палову спальні…
Як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч, пытанне аб адабранні дзяўчынкі з гэтай сям’і будзе вырашацца на бягучым тыдні.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *