Ведаць, чым жывуць людзі
Васіль Міхайлавіч Байкоў прызнаўся, што вольнага часу ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь няма. А ён да таго ж узначальвае ў Парламенце Пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, вядзе адну з камісій Міжпарламенцкага Саюза СНД.
Законатворчасць, расказвае дэпутат, — вельмі адказны і карпатлівы працэс, які патрабуе дасканалага вывучэння тэмы, удакладнення і ўзгаднення шматлікіх дэталяў.
Тым не менш Васіль Міхайлавіч найважнейшай для сябе лічыць работу ў сваёй выбарчай акрузе. Знаходзіць час, каб сустрэцца з выбаршчыкамі, выслухаць іх праблемы, па магчымасці дапамагчы.
Дарэчы, па тэматыцы зваротаў, зазначыў В. М. Байкоў, больш паловы пытанняў датычаць жыллёва-камунальнай і дарожнай сфер. Гэта акалічнасць і абумовіла сустрэчу дэпутата з прадстаўнікамі калектываў УП ЖКГ і ДРБУ-204, якая адбылася 19 красавіка.
У сваім выступленні Васіль Міхайлавіч выказаў перакананне, што пры ўсіх складанасцях часу і жыллёва-камунальная, і дарожная службы павінны працаваць лепш — найперш па аказанні платных паслуг насельніцтву і на апярэджванне праблем.
Гэта тэма гучала і падчас правядзення дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыёму грамадзян па асабістых пытаннях і “прамой лініі”. Больш дзесяці чалавек звярнуліся з просьбай дапамагчы вырашыць тую ці іншую праблему, некаторыя прыйшлі не ўпершыню. І варта сказаць, што ў большасці выпадкаў людзі ўзнялі сур’ёзныя пытанні, якія самім ім ніяк не вырашыць. Вось, напрыклад, Шляхтунова А. Е., якая жыве ў доме №1 па вуліцы Светласельскай у райцэнтры. Маладая мама абівае парогі інстанцый не ад добрага жыцця — яна ў роспачы: у доме, дзе жыве, адыходзіць сцяна, у любы момант можа здарыцца непапраўнае, а тут жывуць шасцёра непаўналетніх дзетак…
Праўда, па гэтаму пытанню УП ЖКГ, як запэўніў яго кіраўнік В. А. Коўзан, урэшце мае праектнае рашэнне і ў самы бліжэйшы час прыступіць да рамонтных работ.
І яшчэ на адзін акцэнт зрабіў увагу В. М. Байкоў: уменне найперш работнікаў жыллёва-камунальнай галіны працаваць з людзьмі, не баяцца сустракацца з імі, размаўляць, гаварыць канкрэтна аб тым, магчыма ці не вырашыць праблему.
Аліна ПЯТРОВА.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010