Паляўнічым і рыбаловам. Пасля рэйдаў – канфіскат і пратаколы
За перыяд з 30 верасня па 6 кастрычніка інспекцыямі аховы жывёльнага і расліннага свету праведзены 31 рэйд па вадаёмах, паляўнічых і лясных угоддзях вобласці, у ходзе якіх выяўлены 43 парушэнні правілаў прыродаахоўнага заканадаўства.
З забароненымі прыладамі лоўлі і незаконным паляваннем затрыманы 32 парушальнікі, у якіх канфіскавана 17 сетак даўжынёй 1,05 км, 33,4 кг рыбы, 10 іншых прылад рыбалоўства і палявання, 3 паляўнічыя ружжы, незарэгістраваных у органах МУС, 145 кг мяса дзікай жывёлы.
Складзена 11 пратаколаў. Вінаватыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Па чатырох парушэннях матэрыялы перададзены ў следчыя органы.
Віцебская абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету паведамляе, што:
– з 1 кастрычніка па 15 красавіка забаронена прамысловая лоўля ўсіх відаў рыбы на зімавальных ямах. Спіс зімавальных ям з вызначэннем іх межаў указваецца ў рыбалоўна-біялагічных абгрунтаваннях;
– з 1 кастрычніка па 30 снежня адкрываецца паляванне на дзікую жывёлу: лася, аленя высакароднага, дзіка, казулю еўрапейскую, лань еўрапейскую, аленя плямістага загонам і з сабакамі – у светлы час сутак, з засады, з падыходу – на працягу сутак;
– з першай суботы па апошнюю нядзелю кастрычніка ў светлы час сутак дазволена паляванне ружэйным з гончымі сабакамі і безружэйным спосабамі на зайца-беляка, зайца-русака (жывёлу любога полу і ўзросту).
– з 1 кастрычніка па 31 студзеня дазволена паляванне на андатру, норку амерыканскую ў светлы час сутак ружэйным спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, безружэйным спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі.
У выпадку выяўлення фактаў незаконнага палявання, браканьерства просім паведаміць у Гарадоцкую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету па тэлефоне “гарачай лініі” 8(02139)4-02-10.
Г. КУЗЮРЭНКА, старшы дзяржінспектар Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
В. НОВІКАЎ, начальнік Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2013 г.