В Шумилино побывал сын лётчика А. И. Дубосарского

Общество

Намеснік галоўнага рэдактара "Герой працы" М. А. Мароз дарыць сваю кнігу У. А. Дубасарскаму

“Для мяне імя бацькі – святое…”

Залатыя рукі Дубасарскага
Газета пісала, што ў рэдакцыі раёнкі адбылася сустрэча з сынам лётчыка А. І. Дубасарскага Уладзімірам Анатольевічам. На сустрэчу прыйшла група вучняў СШ № 2 г. п. Шуміліна. Школа сёння носіць імя героя, які загінуў пры вызваленчых баях бліз Шуміліна 6 лютага 1944 года.  Лётчык  кінуўся ратаваць савецкі ІЛ-2, на якога напалі чатыры нямецкія знішчальнікі. Бой быў няроўны, і выратоўца, як, відаць, і лётчык ІЛа, загінуў…
Пра гэта пісала абласная газета “Віцебскі рабочы” ў тым далёкім 1964-ым, калі знайшлі астанкі лётчыка Дубасарскага і рэшткі яго самалёта.
Пра гэта, і не толькі, а таксама пра цікавыя дэталі з жыцця бацькі і расказаў у рэдакцыі Уладзімір Анатольевіч Дубасарскі. Вучні-гурткоўцы (гурток “Юныя журналісты”) занатоўвалі ўспаміны госця.
Звернемся да ўспамінаў, якімі падзяліўся У. А. Дубасарскі. Родам сям’я з Адэсы. Маленькі хлопчык Анатоль (наш будучы герой) нарадзіўся ў нялёгкі час. Пачыналася імперыялістычная вайна, затым – рэвалюцыя, Грамадзянская вайна. Хлопчык рана страціў матулю – у чатыры гадкі. Бацька завёў сабе другую жонку, якая, аднак, адразу неўзлюбіла пасынка. У яе было сваё дзіця, і ўсё – любоў, ласункі – даставалася яму. Бацька быў захоплены сваёй новай гаспадыняй, і Анатолю нічога не заставалася, як рана, у 16 гадоў, пайсці на свой хлеб.  Працаваў нейкі час у саўгасе, паступіў у школу суднавых матарыстаў. Закончыў. Працаваў на судне. Не спадабалася. Пайшоў у аўташколу. Пасля яе заканчэння ён – вадзіцель. Возіць на вялікай легкавой машыне дырэктара цукерачнай фабрыкі (была такая ў Адэсе). Машына, па словах У. А. Дубасарскага была шыкоўная, нібы ў Сталіна.
Вадзіцелем адпрацаваў гады чатыры. Газета змяшчала (№ 21 за 12 сакавіка 2012 года) здымак высокага маладога чалавека, які стаіць побач з аўто, а цераз плячо вісіць у яго фотаапарат. Так, Анатоль захапляўся фотасправай. І не толькі. Пра гэта крыху пазней, а зараз – пра іншае захапленне, якое стала для маладога чалавека справай усяго жыцця. Захапленне авіяцыяй. Тады многія юнакі гарэлі гэтым, бо ў краіне кінулі кліч: “Моладзь, на самалёты! Вучыцеся скакаць з парашутаў!” І ляталі, і вучыліся. А кліч такі кінулі, бо, на думку Уладзіміра Анатольевіча, дайшлі звесткі, нібыта немцы мацнейшыя сваімі дэсантнымі і лётнымі сіламі.
Тут, у лётнай школе, і прабіліся многія здольнасці, таленты Анатоля. Ён фанатычна любіў тэхніку. З мора, з англійскага затанулага гандлёвага карабля, дасталі хлопцы ржавы матацыкл. Тады і веласіпедаў у Адэсе мала ў каго было, а тут – матацыкл. Бацька працаваў яшчэ вадзіцелем. Адрамантаваў, і з хлопцамі каталіся.
А яшчэ – у маладосці сабраў сваімі рукамі баян. Дзе браў запчасткі – ці то сам адштукаваў, ці нехта зрабіў, аднак сабраў і хвацка іграў на баяне.
У авіяшколе Анатоль Дубасарскі быў старшым групы курсантаў. Ён вадзіў іх на заняткі і на кухню, адказваў за іх ва ўсім. Ён быў прыкладам для таварышаў. Яго жонка Кацярына (маці Уладзіміра Анатольевіча) расказвала, што абсталяваў ён сваё месца ў палатцы з такой любасцю і па-майстэрску, што з’явілася неўзабаве ў мясцовай газеце заметка пад загалоўкам “Залатыя рукі”. Газета гэта вісела на гарадскім стэндзе.
Пасля заканчэння авіяшколы ён – малодшы лейтэнант. Атрымаў назначэнне ў г. Канатоп Сумскай вобласці. У сямейным архіве У. А. Дубасарскага ёсць здымак, на якім Анатоль Дубасарскі сядзіць над разабраным маторам самалёта. Справа ў тым, што тэхнікаў не хапала, і ён часта дапамагаў рамантаваць самалёты, хаця гэта ў яго абавязкі не ўваходзіла. Калі сям’я Анатоля Дубасарскага з’язджала з Канатопа, гаспадыня пакояў, дзе кватаравалі, параіла Каці: “Ад’язджайце, не марудзьце! Будзе вайна”. Казала яна гэтыя словы за два тыдні да Вялікай Айчыннай. І такая дэталь:  сям’я лётчыка-афіцэра, якога перакінулі ў Армавір, перавозіла 22 скрынкі, 18 з іх  былі з інструментамі, усякімі запчасткамі, механізмамі. Дарэчы, Анатоль навучыўся рамантаваць і гадзіннікі, і ў скрынках хапала ўсякіх калёсікаў і вінцікаў.
Ён душы не чуў у сыне
Калі пачалася вайна, маленькаму Валодзю, сыну лётчыка Дубасарскага, было ўсяго 8 месяцаў. Вядома ж, ён той час не помніць, многае ўведаў і запомніў з расказаў сваёй маці. Калі немцы захапілі Каўказ, авіячасць, дзе служыў Анатоль лётчыкам-інструктарам, перабазіравалася ў г. Учкурган, што ва Узбекістане.
У Дубасарскага была браня (ён быў патрэбны тут, а не на фронце, ён вучыў лятаць моладзь), і за тыя 1 год 2 месяцы ён налятаў больш за 1200 гадзін. Калі падлічыць, кожны дзень, уключаючы суботу, ён у небе быў да 5 гадзін. Напружанне неймавернае. Дамоў вяртаўся стомлены. Матуля працавала ў сталовай. Так што ў пакойчыку, дзе спынілася сям’я, Валодзя часта заставаўся адзін. Было сумна хлопчыку (а было яму тады, перад адпраўкай бацькі, усяго тры гадкі), і ён калупаўся часта ў бацькавых калёсіках-вінціках. Бацька любіў парадак, і  такія сынавы забавы не ўхваляў. Але ён любіў свайго першынца, душы ў ім не чуў. У кватэры было холадна, і ён часта ставіў сына, як гноміка, у свае ўнты. Любіў, а вось пераступіць праз сваю армейскую звычку (каб усё было ў парадку, усё ляжала на сваіх месцах) не мог. Гэтая рыса характару ўласціва, дарэчы, і сыну, Уладзіміру Анатольевічу Дубасарскаму, які не адзін дзясятак гадоў аддаў службе афіцэрам.
У. А. Дубасарскі распавёў пра тое, як рабіў бацька яму цацкі (прывязаны да гузіка ягонага паліто на рызінцы верабей,  мышка, якая цягне паравозік – для мышкі змайстраваў нават збрую), як гушкаў яго, падкідваў высока да столі, вяртаючыся дамоў з палётаў.
А пасля быў фронт. Лётчык Дубасарскі з самага пачатку вайны рваўся на перадавую, і пацвярджэнне таму – 80 рапартаў, якія накіраваў ён  начальству. Нарэшце свайго дамогся, і ў канцы кастрычніка 1943 года яго накіравалі ў адну з баявых часцей 1 Прыбалтыйскага фронту. Па словах У. А. Дубасарскага, бацька павінен быў 6 лютага, у дзень сваёй гібелі, вяртацца ў сваю часць. Пасля задання. А тут, як расказвалі відавочцы паветранага бою, кінуўся на выручку свайму баявому таварышу. Паляцеў не ў цёплым лётчыцкім камбінезоне, а ў шынялі. Чаму?  Цяжка сказаць…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *