А КУДЫ ПАЙШЛІ ГРОШЫ?
Жыў сабе грамадзянін, скажам, І. Неяк не вельмі жыў, не так, як хацелася б. “А чаму б не пайсці мне ў прадпрымальнікі, – падумаў, – тады і зажыву”. І пайшоў… ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ну, павінны ж яны і абараніць, і нечым заняць. “Чым займацца хочаш?”, – спыталі там. “Не ведаю”, – паціскае плячыма І., можа, рамонты буду рабіць добрым лю-дзям, рамонты я ўмею. Так, дакладна – рамонты. Толькі дрылі ў мяне няма, а які ж рамонт без дрылі?” Далі яму і на дрыль, і нават на перфаратар з шрубавертам далі, і на нешта яшчэ там. Прыйшоў той І. дадому з мехам грошай і думае: “Якія, на ліха, рамонты, якім добрым людзям? У самога рамонту век не было. І столь перакасілася, і шпалеры выцвілі, і падлога гуляе!”. Узяў ён грошы, пайшоў у магазін і набраў будаўнічых матэрыялаў на ўсе.
Робіць ён сабе рамонт, кемлівасці ўласнай не нарадуецца. Грошы траціць. А на прадпрымальніцтва, калі шчыра, і думаць забыўся. А калі прыйшоў час справаздачу рабіць, то чэсна напісаў: купіў будаўнічых матэрыялаў – на усе. І пасыпаліся тут штрафы, і грошы запатрабавалі вяртаць узад – адно гора.
“Сапраўды, людзі, якія праяўляюць інфантыльнасць, калі справа тычыцца субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, сустракаюцца. Аса-біста прыходзілася весці тры такія справы”, – расказвае памочнік пракурора Шумілінскага раёна Артур Гасанаў. Ён запэўніў, што пры выдачы субсідыі спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама даюцца самыя дакладныя тлумачэнні таго, на што можна траціць грошы, калі і якія справаздачы рабіць. Чаму не да ўсіх даходзіць – цяжка сказаць. “Хутчэй за ўсё новаспечаныя прадпрымальнікі не здагадваюцца, што кожная патрачаная імі капейка – строга адсочваецца”, – выказвае меркаванне памочнік пракурора. А тым часам, рух грошай пільна кантралюецца, і калі пайшлі яны не туды, куды намечана бізнес-планам, – прыйдзецца плаціць штраф. А то і наогул – вяртаць грошы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.