«Моя земля – мой дом родной!

Общество

“Мая зямля – мой родны дом”
На мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты разам з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Шчарбаковай, галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ю. М. Зяньковай аб’язджалі вуліцы райцэнтра ў рамках раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні “Мая зямля – мой родны дом”.
Прызнацца, калі ўвесь час жывеш у цэнтры Шуміліна, часам і не ведаеш, што дзесьці там, “за лініяй” ці на Брыкеце, ёсць сапраўдныя гаспадары, якія і дом пабудавалі сваімі рукамі, і навялі такі парадак на падворку, што туды не сорамна запрашаць нават  і замежных гасцей. Вельмі прыемна, што такіх гаспадароў у Шуміліне нямала. Удвайне  радасна, калі гаспадары гэтыя маладыя, поўныя сіл, энергіі і фантазіі. У іх шмат планаў на сёлетні і наступныя гады па навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі. Напрыклад, Віктара Круглікава з вуліцы Новай мы засталі за работай – ля альтанкі ён рабіў узорчатую цагляную кладку – каб не задзімала ветрам і снегам. Акуратна выкладзеныя дарожкі, пабудаваная арка для вінаграду, клумбы з мноствам кветак, якія садзіла гаспадыня, Крысціна Круглікава, – усё тут зроблена з любоўю.
Узорнай на вуліцы Калініна можна назваць сялібу маладой сям’і Алены і Андрэя Асташонкаў. Арыгінальная альтанка, акуратны газон, алея з туяў, кветкі і шмат яшчэ якой прыгажосці ўдала спалучаюцца з архітэктурай. На гэтай жа вуліцы звяртае на сябе ўвагу і суседні падворак. Тут будуюцца Ларыса і Віктар Барковы, прыгожы дом якіх патанае ў кветках.
На вуліцы Мічурына выдзяляецца дом Таццяны і Пятра Мядынскіх. Веснічкі з прыгожымі ўзорамі, велічная арка, такога ж кшталту агароджа і мосцік, а побач ліхтары – усё выглядае вельмі прыстойна. Дададзім, што ўсё гэта зроблена рукамі самога гаспадара.
На вуліцы Будаўнікоў узорнымі  можна назваць падворкі Марыі і Мікалая Вішняковых, Сафіі і Івана Монічаў. Лавачкі і балконы, дзверы і веранда, газоны і кветкі – усё тут прадумана, з густам.
Вельмі прыгожы дом у Жанны і Віктара Казельскіх, якія жывуць на вуліцы Магістральнай. Тут усюды кветкі: і на балконе, і ўздоўж агарода, і на ганку, і ля гаража. Яны буяюць, сцелюцца, звісаюць, плятуцца на агароджы. Тут аднолькава прыгожа і летам, і восенню.
На вуліцы Горнай любуемся падворкам Уладзіміра і Рыты Полазавых. Кветкі, прыгожая арка,  розныя гатункі ядлоўцу нібыта зліваюцца ў адзіны сугучны ансамбль.
На вуліцы Загараднай прыгожая сяліба ў Марыны і Сяргея Дрыбко, на вуліцы Луначарскага  – у Людмілы і Анатоля Барысевічаў.
Хочацца пахваліць і  Галіну Дарож-кіну, якая жыве па вуліцы 40 год Кастрычніка. Можна сказаць, яе дом проста патанае ў вяргінях. Іх тут столькі, што не акінуць вокам:  і ў палісадніку, і на падворку, і на агародзе. Прычым, гатункі самыя розныя: і беларускай, і замежнай селекцый.
P.S. Дзеля справядлівасці адзначым, што карэспандэнт райгазеты ўдзельнічала толькі ў вераснёўскім аб’ездзе лепшых падворкаў райцэнтра. Таму нельга быць аб’ектыўным у ацэнцы падворкаў шумілінскіх гаспадароў. Па-за конкурсам засталіся аматары вырошчвання лілеяў, руж, гладыёлусаў і іншых летніх кветак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *