Криминал. Происшествия

Происшествия

Прагульшчыца
Жыхарка в. Бубалі ў ліпені гэтага года была асуджана за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей да 200 гадзін грамадскіх работ. Жанчыну паставілі на ўлік ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю, патлумачылі ёй, што ў выпадку сістэматычных і беспрычынных прагулаў ёй пагражае крымінальная адказнасць. Але жанчына да гэтага не прыслухалася, на работу хадзіла добра калі праз дзень. Згодна з арт. 419  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ” супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Ля возера
Жыхар в. Стралкі паведаміў у міліцыю, што ля возера ў в. Гародна яго абрабавалі. Прапалі дзве вудзільні, садок, сумка з рыбалоўнымі прыладамі. Агульны ўрон склаў 1,5 мільёна рублёў. Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку ўстаноўлена, што злачынства здзейсніў непаўналетні жыхар в. Амбросавічы. Нарабаванае канфіскавана. Супрацоўнікамі раённага аддзела Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
Зямлячка
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка в. Ляжні, якая паведала, што ў яе з дома прапаў мабільны тэлефон. Па гарачых слядах было ўстаноўлена, што ў дом пацярпелай праз акно прабралася жыхарка гэтай жа вёскі, раней судзімая за крадзеж. Ліхадзейка разам з чужым мабільнікам уцякла з месца злачынства. Але неўзабаве была знойдзена. Мабільнік канфіскаваны і вернуты гаспадыні. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Прэвентыўны нагляд
Непрацуючы жыхар Шуміліна некалькі разоў быў судзімы за крадзеж і прычыненне цялесных пашкоджанняў. Паўгода таму мужчына вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Гэта значыць, мужчына павінен быў знаходзіцца пасля дзесяці гадзін вечара па месцы рэгістрацыі, нікуды не з’язджаць. А на самой справе мужчына не прытрымліваўся гэтых абмежаванняў. Па арт. 421 Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад адбыцця прэвентыўнага нагляду” ўзбуджана крымінальная справа.
Сутыкненне
Жыхар Шуміліна на аўтамабілі “Мазда” імчаў па вуліцы Луначарскага з Брыкета ў Шуміліна. Калі пад’ехаў да перакрыжавання Луначарскага-Юбілейная пры непрацуючым святлафоры, мужчына не ўпэўніўся ў адсутнасці на галоўнай дарозе Полацк-Віцебск машын, не прапусціў  ВАЗ-21099 і ВАЗ-211540. Машыны сутыкнуліся. Людзі не пацярпелі, а ў аўтамабілях пашкоджаны дзверцы, капоты, пабіты фары і бакавое шкло. Віноўніку ДТЗ пагражае штраф ад 3 да 30 базавых велічынь або пазбаўленне  вадзіцельскіх правоў да двух гадоў.
Нецвярозы
Непрацуючы жыхар Язвіна на аўтамабілі “Опель” быў прыпынены ў вёсцы супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі.  Як высветлілася, вадзіцель сеў за руль нецвярозым. Яму пагражае штраф памерам 3,5 мільёна рублёў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *