Владимир Мазанков и его «Ягуар»

Сельское хозяйство

Хвілін сем – і прычэп паўнюткі
У час уборкі кукурузы Уладзімір Аляксандравіч Мазанкоў з ААТ “Лаўжанскае” становіцца ў гаспадарцы ледзь не  адным з самых галоўных. На яго спадзяюцца. Сам механізатар, які працуе ў сельскай гаспадарцы “ўсё жыццё”, з надзеяй глядзіць на свой “Ягуар”, рэгулюе яго, змазвае перад пачаткам рабочага дня і думае: хоць бы не падвёў. Уладзімір Мазанкоў разумее, што ад  вынікаў ягонай работы будзе залежыць работа (а, значыць, і заробак) іншых механізатараў, якія працуюць на адвозцы і трамбоўцы.  А гаспадарцы, якая мае жывёлагадоўчы комплекс,  нарыхтаваць сіласу трэба многа – больш за дваццаць тысяч тон.
Закладзены тры сіласныя траншэі. І калі мы прыехалі на поле ва ўрочышча Гаравыя, тут кіпела работа. Магутны “Ягуар” практычна поўнасцю хаваўся ў высокай кукурузе, здалёк бачна было толькі, як здробнены корм сыплецца ў прычэп трактара. За якія сем-дзесяць хвілін напаўняўся паўнюткі ПІМ. Ішла бесперапынная нарыхтоўка кармоў. Лепшыя механізатары на адвозцы Міхаіл Шуміла, Уладзімір Дзюсупаў, Аляксандр Галуза паспявалі зрабіць за дзень да паўтара дзясятка рэйсаў да сянажнай траншэі і назад.
Па нашай просьбе гаспадар “Ягуара” на некалькі хвілін перапыняе сваю работу. Пытаемся ва Уладзіміра Мазанкова пра сёлетні ўраджай. “Вышэй чалавечага росту – значыць, ураджай што трэба! – ацэньвае механізатар.  – Цэнтнераў трыста з гектара будзе! Кукуруза значна лепшая, чым у мінулым годзе. Такую і ўбіраць любата”.
Аграном  ААТ “Лаўжанскае” Валянціна Самародава сказала ўхвальнае слова пра У. А. Мазанкова, які перавыконвае дзённую норму выпрацоўкі больш як у тры разы. Пяць МТЗ ледзь спраўляюцца адвозіць сілас. “Спадзяемся, Уладзімір Мазанкоў у гэтым годзе будзе лепшым па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу не толькі ў раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы,  – кажа Валянціна Уладзіміраўна. –  І мы плануем адправіць яго ў трэці раз на рэспубліканскія “Дажынкі”.  Усяго на рахунку механізатара за перыяд нарыхтоўкі кармоў больш за 24 тысячы тон  зялёнай масы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *