Галоўная роля на свеце
Роля маці — галоўнае і вышэйшае прызначэнне жанчыны. Гэта неаспрэчна. Ва ўсе часы. Любоў маці да сваіх дзяцей, вера ў іх, самаахвяраванне робяць падчас сапраўдныя цуды.
І яна, маці, безумоўна, заслужыла, каб у яе гонар пісалі карціны, складалі вершы і ўстанаўлівалі дзяржаўныя святы. А калі дакладней, маці быў прысвечаны не адзін дзень 14 кастрычніка, як пазначана ў календары, а цэлы мінулы тыдзень.
Усіх маці Беларусі па-віншаваў са святам Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Вобласць шанавала лепшых маці Віцебшчыны на ўрачыстым прыёме ў аблвыканкаме. 27 жанчын атрымалі прэмію імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка. Дзевяць маці сталі ўладальніцамі галоўнай мацярынскай узнагароды — ордэна Маці.
Шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных матулям Шуміліншчыны, былі праведзены на мінулым тыдні ў нашым раёне. Апафеозам іх сталі ўрачыстасці, наладжаныя ў гарадскім Доме культуры менавіта 14 кастрычніка. Звяртаючыся да ўсіх жанчын раёна, кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук падкрэсліў, што мацярынства — самая паважаная і сацыяльна значная роля жанчыны ў грамадстве. Асаблівыя словы пашаны ён выказаў мнагадзетным матулям, жанчынам, якія сталі прыёмнымі маці для дзяцей-сірот. Вальдэмар Антонавіч павіншаваў са святам усіх матуль Шуміліншчыны, запэўніў, што ў раёне шмат робіцца па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
У нашым раёне стала добрай традыцыяй да Дня маці вылучаць адну з лепшых жанчын-маці на ўзнагароджванне прэміяй імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай. Сёлета такі гонар аказаны маці дзвюх дачок, дырэктару Добрынскай школы-сада Ніне Гаўрылаўне Бегуновай — за яе высокія маральныя прынцыпы ў выхаванні дзяцей, за стойкасць перад жыццёвымі выпрабаваннямі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дыплом аб прысваенні прэміі ёй уручыў В. А. Падляшчук.
Слова “маці” мы міжволі асацыіруем з такімі паняццямі, як прыгажосць, утульнасць, парадак. Таму не выпадкова раённым штабам па добраўпарадкаванню было вырашана ўзнагародзіць лепшых маці і лепшыя сем’і раёна, у тым ліку і маладыя, за ўзорны парадак на іх сядзібах.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага штаба па добраўпарадкаванні Ірына Мікалаеўна Новікава падзякавала ім за стараннасць і шчырую працу па навядзенню парадку на зямлі, яна разам з начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама М. Я. Ганчаровай уручыла пераможцам раённага конкурсу па добраўпарадкаванні дыпломы, сувеніры і кветкі.
А самадзейныя артысты ГДК падарылі ўсім прысутным ў зале свае песні і танцы.
Аліна ПЯТРОВА.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010