Заметки из путешествия по Турции

Культура Мир увлечений

Дзмітрый Карась (з флагам Рэспублікі Беларусь) і кіраўнік калектыву “Прэм’ер-Спонайд” з Полацка Вераніка Навіцкая ў час прадстаўлення дэлегацыі фестывалю.

І свет паглядзелі, і сябе паказалі
Каго з дарослых, ды і дзяцей, не вабяць вандроўкі, не прыманьваюць далёкія і экзатычныя краіны?! І калі выпадае паехаць у такую краіну-казку, лічыш сябе на сёмым небе.
Турцыя… Яна вабіла мяне не столькі адпачынкам у пяцізоркавым гатэлі з паслугай “усё ўключана” і не столькі марскім сонечным пляжам, колькі тым шчаслівым выпадкам, што магу прыняць самы непасрэдны ўдзел у міжнародным фальклорна-харэаграфічным фестывалі. Ён меўся прайсці на беразе Эгейскага мора, у Балчове – адным з раёнаў турэцкага горада Ізміра. На гэты фестываль, які доўжыўся 12 дзён,  быў запрошаны і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Прэм’ер-Спонайд” з Полацка, у якім я займаюся танцамі ўжо 5 гадоў.
Праграма фестывалю была насычанай. З раніцы да позняга вечара мы былі занятыя: спачатку наведвалі мясцовыя славутасці, потым выходзілі на святочнае шэсце, пасля якога кожны танцавальны калектыў прадстаўляў сваю краіну. Кожны дзень мы пераязджалі ў новае месца, былі то ў Каршыяку, то ў Барнове, то ў Конаку, і ўсюды дэлегацыі ад кожнага калектыву ветліва запрашалі ў мэрыю. І кожны дзень быў насычаны новымі ўражаннямі, новымі знаёмствамі, цікавымі гутаркамі.
Нарэшце пра новыя знаёмствы. У рабоце фестывалю ўдзельнічалі калектывы з 11 краін: Італія, Грузія, Харватыя, Балгарыя, Індыя, Польшча, Венгрыя, Македонія, Кіпр, Беларусь, Румынія. Мне як кіраўніку дзіцячага танцавальнага калектыву «Залатая рыбка» цікава было паглядзець тэхніку выканання танцаў калектывамі іншых краін, узяць на заметку новыя харэаграфічныя пастаноўкі. Ды наогул гутарка з новымі людзьмі заўсёды, як шпрыцоўка «свежай» крыві, вобразна кажучы,  у вену чалавечага светапогляду.
Асноўнай традыцыяй свята было штодзённае велічнае шэсце краін-удзельнікаў фестывалю ў народных касцюмах, са сцягам сваёй краіны. Мне было даручана  несці флаг Рэспублікі Беларусь на ўсіх святочных шэсцях. Гул  рознакаляровай публікі са словам «Belarus!!!», кветкі, кінутыя з балконаў турчанкамі, гучанне “жывой” музыкі ў выкананні кожнага калектыву па ходу шэсця, урачыстасць дзеі свята – усё гэта выклікала ў мяне пачуццё гордасці за тое, што менавіта наш калектыў прадстаўляе Беларусь на міжнародным фестывалі ў Турцыі.
На фестывальнай сцэне ў розных раёнах горада Ізміра калектыў «Прэм’ер-Спонайд» прадэманстраваў сваё майстэрства, паказаў беларускія традыцыі і характар беларускага народа праз такія танцы, як «Жанжоха» (танец Віцебскай вобласці), карагод «Кветачкі», «Беларускі калейдаскоп», «Купальскія гульні» і «Лірычны дуэт».
У рамках фестывалю для нас ладзілі цікавыя экскурсіі. Нам пашанцавала пабываць на фестывалі вінаграду ў горадзе Карабурун, у аквапарку  Балчова, у горадзе тэрмальных крыніц Чэшме, у старажытным   горадзе Ціре, якому ажно 4 тысячы гадоў, у горадзе Памукале, у якім знаходзяцца адразу два «цуды свету» – руіны антычнага горада Іерапаль і ўнікальныя тэрмальныя ключы. Дарэчы, антычны горад Іерапаль і тэрмальныя ключы Памукале ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
За мяжой, калі шчыра, быў у першы раз. І зусім не шкадую: як кажуць, і на свет паглядзеў,  і сябе паказаў.
Д. КАРАСЬ, г. п. Шуміліна.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



1 комментарий по теме “Заметки из путешествия по Турции

  1. Вельмі важна несці беларускі танец за мяжу. Гэта пры тым, што мы сваё самі не заўсёды ведаем і цэнім. Сорам і ганьба! А калектыў – малайцы! Вось бы ў Шуміліне ён выступіў, а то варымся, як смала ў пекле. Прапануйце Мацвейчуку. А можа мы самі з вусамі?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *