Похвали утро

Общество

Пахвалі раніцу
З раніцы пачынаецца дзень. Гэта мы ведаем з малых гадоў. Праўда, калі быць больш дакладным, пачынаецца дзень са світання. Або не – з той хвіліны, калі ты прачынаешся. Ты, я, усе мы. Хаця, як кажуць, не зраўняў Бог лесу, не зраўняў і людзей. Даў ён (а можа, нават і не ён, а нехта іншы – мы ж матэрыялісты) аднаму быць жаўруком, другому – савой. І зараз усё пераблыталася: каму ранне, досвітак, час прачынацца, а  ў каго самы сон.
Гэта ў людзей, у характары і стылі жыцця. У прыроды іншыя законы. Тут усё падпарадкавана свайму, адвечнаму. Тут калі  раніца – значыць, устае, прачынаецца сонца, выглядае, вылузваецца (як паглядзець) з-за грэбню лесу ці за дахам вясковай хаты, і ты ведаеш –  дзень пачаўся.
Раніцу добры чалавек пахваліць. Можа, нават  пахваліць дасвецце, калі ў рупліўца і пачынаецца клопат. Праўду ж кажуць: “Раней устанеш – больш зробіш”. Або: “Хто рана ўстае, таму Бог дае”. Дае – не сумняваюся. І, напэўна, мала хто сумняваецца, бо не можа чалавек  не радавацца сонцу, чыстай вадзе, першай траўцы або паху скошанай травы, якая падсохла – гэта пах нашага дзяцінства. Дзяцінства тых, хто з вёскі, вядома, або хто прыязджаў на канікулы да бабулі і сушыў сена. Гэты водар, гэты пах ні з чым не параўнаеш.  Ён павінен радаваць, бо  чалавек – не бяздушная  скаціна.
Раніцой у чалавека свежая галава (вядома, не ў кожнага і не кожны дзень, але не пра тое гаворка). Сам я люблю раніцу за тое, што менавіта раніцой нарадзіў  тысячы  мастацкіх радкоў для сваіх кніжак, напісаў не адну сотню газетных артыкулаў. Яна мая карміцелька, яна мая, калі хочаце, матуля. Не больш, не менш. Нават тады, калі прыспічыць, даруйце за лексіку, чыркануць пару радкоў вечарам, усё адно раніцой іх правіш, крэсліш, бо – на свежую галаву. Ведаю, проста перакананы, што напісанае раніцой – самае свежае і чыстае.  Як тая ранішняя кропля расы.  Як “радар” ажурнай павуцінкі на мокрым вераснёўскім палыну ўскрай лесу, куды ідзеш па грыбы.
Раніца – пачатак працоўнага дня. Не ўсім хочацца  ўставаць для работы, хочацца папесціцца ў ложку. Але гэта ў суботу і нядзелю,  а ў астатнія дні – чакай, калі станеш пенсіянерам. Кажуць, тады мора вольнага часу, хаця ўсё ж  не ведаеш, як “падцягнуць” тое, на што не ставала часу, калі працаваў. Пенсіянер працуе на сябе. Але ў гэтым (у пару, калі ты не патрэбны па сутнасці калектыву, якому аддаў трыццаць ці сорак гадоў – самы ўсцешаны, бо малады, кавалак жыцця) ёсць і свае мінусы, і свая туга…
Раніца – як пачатак усяго. І жыцця, і справы, за якую бярэшся. Для ўсіх нас маленства – раніца жыцця, вечар – ягоны схіл, скананне. Так што раніцы – як вечнай мерцы маладосці, а значыць, пульсу жыцця – трэба радавацца, а смерць прымаць,  як заход сонца. Бо вечнага нічога няма.
Ад раніцы да вечара – цэлы дзень. Глыбокай восенню ён цягнецца  марудна, маркотны дзень і сумны,   летам жа ці вясной радуе, не можам ім нацешыцца. А вясна – што тая раніца: пачатак абуджэння, пачатак жыцця,  восень жа – вечар, такая ж тужлівасць, той жа настрой.
Мы ж пра тужлівае не будзем, мы гаворым пра раніцу. Бо яна ўсё-такі пачынае чалавечую жыццёвую сцяжыну…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *