Традиционный осенний праздник провели в Шумилинском ГДК ветераны

Актуалии Общество

“Яблычны рай”
Традыцыйны восеньскі кірмаш зноў сабраў ветэранаў у Доме культуры. Яны прыйшлі з дарамі садоў, агародаў і кветнікаў. Атрымалася надзвычай шчодрая і рознакаляровая выстава.  Асабліва многа было яблыкаў. Чырвоныя і зялёныя, яны радавалі вока кожнага, тым больш, што ў гэтым годзе на ўраджай яблыкаў пашанцавала далёка не ўсім. Напрыканцы мерапрыемства выстава “Яблычны рай” разышлася: ветэраны частавалі адзін аднаго і гасцей свята.
Кіраўнік народнага клуба “Ветэран” Г. М. Аляксеева, якая арганізавала восеньскі кірмаш, прыдумала надзвычай цікавую забаўляльную праграму. Артысты Дома культуры спявалі, танцавалі, жартавалі. І вельмі ўмела працавалі з публікай  – разам з імі спявалі і танцавалі ветэраны. Яны з ахвотай прымалі ўдзел у розных забаўляльных гульнях, адгадвалі загадкі, згадвалі народныя прымаўкі. Не забыліся павіншаваць і тых, хто нядаўна адсвяткаваў дзень нараджэння, і пачаставаць іх (а таксама ўсіх гасцей) святочным пірагом. Усё было так натуральна, па-сямейнаму, нязмушана. Адчувалася сяброўская атмасфера,  маральная падтрымка адзін аднаго. Ветэраны радаваліся не толькі за свае поспехі, але і за поспехі сваіх сяброў.
“Прызнацца, з кожным годам нашы ветэраны ўсё больш актыўныя, – кажа Галіна Мікалаеўна. – Яны вялікія фантазёры, з аптымізмам глядзяць на жыццё, не маркоцяцца.  Яны маладыя душой, спрытныя ў спевах і танцах.  Напэўна, менавіта таму з імі лёгка праводзіць розныя святы”.
Дарэчы, кожны ўдзельнік народнага клуба “Ветэран” за ўдзел у выставе атрымаў сувенір. А спонсарам выступіла раённая ветэранская арганізацыя. Яе старшыня К. Ф. Палоўнікава напрыканцы свята  таксама віншавала ўсіх ветэранаў: “У кожнага з вас – свой лёс, свая жыццёвая  мудрасць. Але ж вельмі добра, што нас усіх аб’ядноўвае імкненне жыць, любіць, прыносіць карысць людзям”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *