Праздник улицы Суворова прошёл в Шумилино

Актуалии Общество

Свята на вуліцы Суворава
Не ведаю, хто першы прыдумаў праводзіць свята вёсак і вуліц, але гэта была цудоўная ідэя. Такія святы аб’ядноўваюць людзей, дапамагаюць пазнаёміцца суседзям, успомніць старонкі далёкага і не вельмі мінулага, памарыць пра будучыню, ды і проста адпачыць і атрымаць добры настрой.
У пачатку бягучага тыдня святкавала свой дзень вуліца Суворава, што злучае райцэнтр і аграгарадок Светласельскі.
Святочная пляцоўка размясцілася ў “Верхнім горадзе”, каля самых маладых дамоў вуліцы. Вакол сцэны прытуліліся стэнды з вырабамі тых, хто жыў на гэтай вуліцы калісьці і жыве зараз. …..
Тут жа стаяла палатка Шумілінскага Дома рамёстваў, сваю выставу прапанаваў народны клуб нацыянальнай кухні “Разынка”. Побач – атракцыёны, гульні, розныя забавы, да якіх адразу пайшлі дзеці.
Адкрыў свята намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які нагадаў, што вуліца Суворава – адна з цэнтральных вуліц раённага цэнтра, якая злучае цэнтр горада з новым мікрараёнам, які вырас за апошнія дзесяцігоддзі. На вуліцы месцяцца цэнтральная раённая бальніца, раённая ветэрынарная станцыя. Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што да свята вуліца змянілася ў лепшы бок, папрыгажэла намаганнямі работнікаў многіх шумілінскіх арганізацый, выказаў упэўненасць, што змены да лепшага будуць і далей. Ён павіншаваў жыхароў вуліцы са святам, пажадаў ім здароўя і поспехаў у жыцці.
Галоўны захавальнік фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Т. В. Церах расказала пра гісторыю вуліцы, нагадала этапы яе фарміравання, паведала пра гісторыю асобных будынкаў, арганізацый, што месцяцца на вуліцы, успомніла былых і сучасных кіраўнікоў і ветэранаў гэтых устаноў.
У разгар мерапрыемства завітаў на свята старшыня райвыканкама У. П. Куранны. “Завітаў на хвіліну, але так спадабаўся канцэрт, захапіла гісторыя вуліцы, што застаўся да канца”, – адзначыў пасля Уладзімір Пятровіч.
Галоўны урач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў расказаў пра цяперашні час лячэбнай установы, у якой працуе 315 медыцынскіх работнікаў, у тым ліку 38 урачоў. Для пацыентаў у бальніцы 120 ложкаў кругласутачнага знаходжання, 35 – дзённага. Штодзень паліклініка ЦРБ абслугоўвае каля 500 пацыентаў.
Канстанцін Фёдаравіч выказаў словы падзякі кіраўніцтву райвыканкама, пры падтрымцы якога лячэбная установа набыла новы дах, працягваецца рэканструкцыя і рамонт аддзяленняў раённай бальніцы. Ён падзякаваў кіраўнікам і работнікам УП ЖКГ, ДРБУ-204, РАНС, “Шумілінарайгаз” і іншым, якія наводзілі парадак на вуліцы Суворава да свята, дапамагалі ў рамонце бальніцы.
Напрыканцы свайго выступлення Канстанцін Фёдаравіч шчыра падзякаваў ветэранам працы лячэбнай установы, уручыў падарункі тым, хто жыве на вуліцы Суворава. Гэта былыя работнікі бальніцы, ветэраны працы: ва-дзіцель Я. І. Слямнёў, урач-рэнтгенолаг Л. І. Ясяновіч, дыспетчар хуткай дапамогі Р. І. Слямнёва, зубны тэхнік В. Л. Калкова, медсёстры Ю. А. Салаўёва, Н. М. Аўчыннікава, кіраўнік аддзела кадраў Я. М. Суворава.
Галоўны ветэрынарны ўрач раёна, кіраўнік райветсанцыі, якая таксама месціцца на вуліцы Суворава, І. У. Галуза расказаў пра работу сваёй установы, у якой працуе каля 40 спецыялістаў ветэрынарнай медыцыны, выказаў словы падзякі ветэранам працы. Дарэчы, ён нагадаў, што калісьці па вуліцы Суворава ішла дарога на Віцебск. Пазней вакол ветстанцыі на завулку Суворава вырас цэлы пасёлак, у якім жылі і жывуць работнікі ўстановы. Іван Уладзіміравіч павіншаваў іх са святам і ўручыў падарункі Г. І. Іспянкову, М. М. Юдзянкову, В. У. Шляхцянковай, Н. Л. Мінавай.
Старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава выказала падзяку кіраўніцтву раёна, кіраўнікам многіх арганізацый  за клопат пра ветэранаў вайны і працы, за арганізацыю свята. Кацярына Фамінічна ўручыла падарунак і кветкі старэйшым жыхарам вуліцы Суворава, якія пражылі разам больш за 60 гадоў, Ягору Іванавічу Слямнёву і ягонай жонцы Раісе Іванаўне.
Работнікі ўстаноў культуры раёна падрыхтавалі для жыхароў вуліцы і ўдзельнікаў свята цудоўную канцэртную праграму. Да цёмнага гучалі над дварамі і садамі вуліцы Суворава песні, і нават дождж, які добра-такі ўліў перад пачаткам свята, нібы застыў у вышыні і толькі зрэдку дасылаў у такт музыцы свае рэдкія кроплі-акорды.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *