Наш карабель у “Бухце капітанаў”
Нядаўна вучні Слабадской школы вярнуліся з паездкі ў сталіцу нашай краіны. Каманда з дзесяці чалавек прымала ўдзел у здымках дзіцячай забаўляльнай перадачы “Бухта капітанаў” (для многіх гэта перадача знаёмая пад назвай “Вас выклікае спартландыя”).
Вынікам удзелу ў разнастайных спартыўных і інтэлектуальных конкурсах стаў Дыплом трэцяй ступені і безліч уражанняў у дзяцей, многія з якіх упершыню пабывалі ў Мінску і наогул у такой далёкай самастойнай вандроўцы. Каманду да спаборніцтваў рыхтаваў настаўнік фізкультуры Уладзімір Кучко.
У эфіры тэлеканала ЛАД мы зможам назіраць за спаборніцтвамі, што ладзіліся паміж васьмю камандамі (у тым ліку і нашай), 7 лістапада ў 12 гадзін.
Дзеці некалькі дзён жылі ў вядомым спарткомплексе “Стайкі”, у камфартабельнай гасцініцы. Сам здымачны дзень, адзначаюць яны, быў абсалютна дарослы: напружаны, адказны. Трэба было не толькі дастойна паказаць сябе ў розных конкурсах і спаборніцтвах, але і не забываць, што працуе тэлекамера. Прыходзілася знаходзіцца на здымачнай пляцоўцы да самага вечара. Што атрымалася, пабачым. Нашы – у яркай аранжавай форме.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010