СШ № 2: перспектывы акрэслены
Часта ў размовах з кіраўнікамі раённых арганізацый, прадпрыемстваў высвятляецца, што многія вядомыя ў раёне людзі закончылі Шумілінскую СШ № 2. Зразумела, калісьці менавіта там, у мікрараёне школы знаходзіўся асноўны жылы масіў райцэнтра, існавала буйное прамысловае прадпрыемства, адпаведная інфраструктура. Але час унёс свае карэктывы. Школьныя праблемы і планы, перспектывы развіцця ўстановы адукацыі. Аб гэтым і іншым размова з дырэктарам установы адукацыі “Шумілінская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 2” Ігарам Іванавічам Аляксеевым.
– Некалькі гадоў таму магло паўстаць пытанне аб існаванні СШ № 2 наогул. Ці стабілізавалася сітуацыя зараз? Якія ёсць планы па развіцці школы?
– Так. За пяць апошніх гадоў колькасць вучняў скарацілася з 242 да 161. Але дзякуючы падтрымцы раённых уладаў, аддзела адукацыі
нам удалося захаваць стабільнасць камплектацыі. Вырашыліся і іншыя пытанні. Цяпер і пачатковыя класы, і сталовая знаходзяцца ў адным будынку школы. Аўтобусам РАА арганізаваны падвоз вучняў з мікрараёна ПМК-70 і з Дабеі. Мы не адрозніваемся ў матэрыяльнай базе ад любой гарадской школы.
Нарэшце з’явілася перспектыва і ў мікрараёна. Будаўніцтва некалькіх дамоў – гэта выратаванне для школы. Некаторыя жыхары першага пабудаванага шматпавярховага каператыўнага дома прывялі дзяцей у нашу школу ўжо з 1 верасня. Але развіццё мікрараёна – гэта дадатковая адказнасць для нас у пытаннях культуры, спартыўнай базы для жыхароў. У планах — пашырэнне школьнага стадыёна, асваенне падвальнага памяшкання, дзе будуць майстэрні, трэнажорныя залы.
– Раённыя арганізацыі і прадпрыемствы маюць патрэбу ў кадрах рабочых прафесій. Ваша школа здаўна давала дадатковую прафесійную адукацыю для сваіх вучняў і вучняў з сельскіх школ.
– Мы бачым сваю ролю ў тым, каб арыентаваць выпускнікоў на замацаванне ў раёне, таму вучым прафесіям, патрэбным менавіта раённым прадпрыемствам. Дзякуючы супрацоўніцтву з вучэбна-курсавым камбінатам райсельгасхарчу мы рыхтуем для сельгаспрадпрыемстваў трактарыстаў-машыністаў, у планах — аўтасправа. Дзяўчаты могуць атрымаць прафесію швачкі. Мы гатовыя вучыць і прадаўцоў для райспажыўтаварыства, і цырульнікаў для бытавога абслугоўвання і будаўнікоў. Галоўнае – арганізацыйная падтрымка з боку зацікаўленых арганізацый, выдзяленне кваліфікаваных спецыялістаў як выкладчыкаў.
– Школа не толькі вучыць і выхоўвае, але і займаецца вольным часам вучняў, вырашае іншыя задачы.
– У гэтым напрамку мы імкнёмся задзейнічаць ўсе арганізацыі. У школе працуюць шматлікія гурткі, якія арганізуе не толькі школа. Цесна супрацоўнічаем з Домам рамёстваў, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, дзіцячай школай мастацтваў. Нашы вучні наведваюць гурткі ў цэнтры пазашкольнай работы, Доме культуры. Большасць вучняў (60-65%) наведваюць школу і ў суботу, у тым ліку з сельскай мясцовасці – арганізавалі для дзяцей білеты выхаднога дня для праезду. Дзякуючы гэтаму актывізавалася спартыўна-масавая работа ў суботу. Актыўна задзейнічаны магчымасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый – БРПА і БРСМ.
– Школа – прыклад уладкавання тэрыторыі. Ці лёгка ўдаецца пад-трымліваць тэрыторыю ва ўзорным стане?
– Тэрыторыя школы вызначана як эталон добраўпарадкавання. Гэта накладвае абавязкі. Да таго на нас кладзецца добраўпарадкаванне і прылеглых тэрыторый, каб увесь мікрараён выглядаў прыстойна. Да ідэалу далёка, але веру, што пастаянная мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку дасць свой плён. Будуць і ў нас газоны і кветнікі не горш за сталічныя.
– Аснова любой справы – калектыў. Педагогі вашай школы вядомыя не толькі на раённым і абласным узроўнях. Ёсць поспехі вучняў на рэспубліканскіх алімпіядах.
– Школе пашчасціла, што калектыў стабільны. Нават калі частка вопытных настаўнікаў пайшла ў гімназію, аснова засталася, засталіся традыцыі. Прыйшлі новыя маладыя настаўнікі. Вельмі добры калектыў педагогаў пачатковай школы: стаж за 20 гадоў, вышэйшая катэгорыя. Яны забяспечваюць моцную аснову для далейшага росту вучняў. Вопытныя філолагі: тры вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе А. А. Навуменка гавораць за сябе. Вялікі дзякуй намеснікам М. К. Арловай, М. А. Вішняковай, А. А. Навуменка, былому сацыяльнаму педагогу Н. П. Пальвінскай.
– Як складваюцца адносіны школы з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна?
– Сувязі з “шэфамі” ў нас вельмі добрыя. Цесна супрацоўнічаем з ПМК-70, СВК “Прыазёрны”. Наладжваецца супрацоўніцтва з льнозаводам, райгазам. Кіраўнікі арганізацый разумеюць і зацікаўлены ў тым, каб вучні школы засталіся працаваць на малой радзіме.
“Калі хочаш зрабіць дзяцей добрымі – зрабі іх шчаслівымі”
“Маргарыта Валянцінаўна – лідар, яна сама гарыць на рабоце і іншых можа павесці за сабой”, — так ахарактарызаваў маладую настаўніцу з Шумілінскай СШ № 2 дырэктар І. І. Аляксееў. Маргарыта Валянцінаўна Федчанка выпускніца гэтай жа школы, якую, дарэчы, закончыла з сярэбраным медалём, пасля заканчэння Віцебскага дзяржуніверсітэта прыйшла працаваць у родную школу настаўніцай пачатковых класаў. Падчас работы атрымала другую адукацыю і цяпер вучыць дзяцей англійскай мове. Да таго, яна класны кіраўнік 11 класа, і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ.
Яна ніколі не сумнявалася ў выбары прафесіі. “Дзеці – унікальныя, кожны – асобны свет і патрэбна знайсці да кожнага ключык, адкрыць схаваныя таленты, здольнасці і паказаць ім жа самім. А калі яны яшчэ і супраціўляюцца….” – настаўніца у захапленні, калі размаўляе аб сваіх вучнях.
“З дзецьмі нельга схлусіць, яны адразу адчуюць фальш, — гаворыць Маргарыта Валянцінаўна. – Наогул, імкнуся працаваць як раіцца ў вядомым выразе: “Калі хочаш зрабіць дзяцей добрымі – зрабі іх шчаслівымі”.
Вопыт – у дапамогу
Хто сустрэне добрай усмешкай? Хто ласкава супакоіць на парозе новага, невядомага школьнага жыцця? Хто цярпліва навучыць сябраваць і вучыцца? Згадзіцеся, зусім невыпадкова настаўніц пачатковых класаў параўноўваюць з мамай.
Другой мамай (кожная ў сваім класе) сталі маленькім школьнікам Надзея Васільеўна Чаплева, Таццяна Васільеўна Мароз, Валянціна Аркадзьеўна Дубко, Ірына Леанідаўна Качан. Яны любяць сваіх вучняў і робяць усё, каб ім ў школе было добра. У кожнай салідны вопыт работы ў пачатковай школе, вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, але настаўніцы на лаўрах не спачываюць: актыўна вывучаюць і выкарыстоўваюць у рабоце новыя тэхналогіі. Да падрыхтоўкі ўрокаў і пазашкольных мерапрыемстваў падыходзяць творча, каб цікава было дзецям, каб з ахвотай ішлі ў школу.
Ад важнай справы не адмаўляецца…
Святлана Васільеўна Васілевіч па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а працуе ў групе падоўжанага дня. Пакуль у школе, дзе зусім нядаўна вучылася сама, няма вакансіі па яе спецыяльнасці. Але малады спецыяліст не сумуе. “У мяне зараз вельмі адказны ўчастак, – пераканала Святлана Васільеўна. – Дзеці да прыходу бацькоў з работы павінны быць дагледжаныя. А што будзе, калі ўсе адмовяцца ад гэтай справы?”
І сапраўды, малодшакласнікі гуртам ходзяць за сваёй маладой настаўніцай: Святлана Васільеўна ў іх самая добрая і вясёлая, арганізуе цікавыя гульні, заняткі, урокі дапаможа зрабіць. Як жа гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам без яе? Неяк…
І прафсаюзны лідар
Настаўніца матэматыкі Надзея Якаўлеўна Даніловіч сваю прафесію абрала мэтанакіравана. Са школьнай пары валодае лічбамі і ўмее на пальцах раскласці любыя матэматычныя формулы. Пасля заканчэння педуніверсітэта вярнулася ў родную школу і ўжо больш за дваццаць год выкладае матэматыку, працуе класным кіраўніком.
У калектыве цэняць Надзею Якаўлеўну не толькі за прафесіяналізм, а і за актыўную жыццёвую пазіцыю. Менавіта таму яе, неабыякавага, справядлівага, лёгкага ў зносінах чалавека, каторы год выбіраюць лідарам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010