Жатва-2013. Репортажи из хозяйств Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство

Прадукцыйнасць – 250 тон у суткі
Новы зернесушыльны комплекс у “АграБаравінцы” прасіўся даўно, бо старыя сушылкі, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы, не спраўляюцца ў прыпар жніва. І вось нарэшце зернесушыльны комплекс пабудавалі, і ў канцы ліпеня ён ужо прыняў першыя  тоны збожжа.
– Зернесушыльны комплекс зрабілі на прадпрыемстве “ЛідаАграМаш”, – расказаў падчас сустрэчы з раённымі журналістамі дырэктар ААТ “АграБаравінка” Ю. А. Савіцкі. – Комплекс магутны, яго прадукцыйнасць – 250 тон у суткі. Сушым пшаніцу, ячмень, авёс.
У гаспадарцы няма столькі збожжа, каб загрузіць сушылку на поўную магутнасць. Рэальна высушвалі за суткі ў гэтым годзе па 130 тон збожжа.
Гружаныя машыны  са жніўных палеткаў адна за адной падыходзяць да бункера новай сушылкі. Зерне ліецца залатым патокам, праходзіць ачыстку ад дробнага смецця. У аператарскай  на пульце кіравання адразу бачна, якой вільготнасці зерне. Калі яго не патрэбна дасушваць (вільготнасць насення павінна быць каля 14%), аператар накіроўвае зерне ў выгружны бункер.
– Зернесушыльны комплекс абышоўся “АграБаравінцы” ў 5 мільярдаў 485 мільёнаў рублёў, – падлічыла галоўны бухгалтар гаспадаркі А. К. Камароўская. – Новае абсталяванне, якое каштуе 4 мільярды 439 мільёнаў, мы ўзялі па лізінгу. І цяпер кожны месяц на працягу васьмі гадоў будзем плаціць па 50 мільёнаў рублёў.
Каля зернесушылкі парадак. Тут добрыя пад’язныя дарогі, заасфальтаваная пляцоўка.
Бацькава навука
Прыемна глядзець, калі на жніўным полі кожны год працуюць сямейныя экіпажы. Так, у гэтым годзе ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” на адным камбайне рупяцца Міхаіл Кахтэнка з сынам  Мікалаем (на здымку злева).  “Працуецца нармальна, – кажа Мікалай, старшакласнік раённай гімназіі. –  Бацька многаму мяне навучыў. Напэўна, цяпер мог бы і самастойна ўбіраць зерневыя”. Мікалай не расказаў, куды пойдзе вучыцца, але чамусьці здаецца, што ягоная будучая прафесія так ці інакш будзе звязана з тэхнікай. І бацькава навука дапаможа.
На надзейнае бацькава плячо абапіраецца ў рабоце і навучэнец Гарадоцкага каледжа Вадзім Барысевіч. Разам з бацькам Ігарам Іосіфавічам працуюць разам на камбайне на палетках “Ульскага”  чацвёрты сезон запар. “Мужчыны цэлы дзень на полі, так што бачымся толькі вечарам, а днём гутарым хіба што па тэлефоне, – кажа гаспадыня сямейства Ларыса Станіславаўна. – Прывыкла, што сын кожнае лета працуе ў калгасе. Добра, што заняты карыснай справай. Ды і для будучага тэхніка-механіка такая практыка не будзе лішняй”.
У “Сіроцінскім” у гэтым годзе два сямейныя экіпажы. На камбайнах працуюць Мікалай Калеснікаў з сынам Уладзіславам і Сухоцкі Віктар з сынам Мікалаем (на здымку справа).
Абодва хлопцы – студэнты. Уладзіслаў вучыцца ў Лужаснянскім аграрным каледжы на агранома, а Мікалай – будучы слесар па рамонце машын і трактароў, вучыцца і на вадзіцеля. Для будучых слесара і агранома летняя практыка на камбайне вельмі карысная. “Так, у час вучобы мы больш налягаем на тэорыю,  а летам яе падмацоўваем практыкай, – усміхаюцца хлопцы. – Ды і грошы, заробленыя на жніве, будуць для нас вельмі дарэчы”.
Тэмпы ўборачнай
На 19 жніўня  ў гаспадарках раёна ўбралі 12537 гектараў палеткаў зерневых або 75% да патрэбнага. Намалацілі больш за 26 тысяч тон зерня, паведаміў рэдакцыі начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 21,2 цэнтнера з гектара.
Больш як на 90% справіліся са жнівом у “Прыазёрным міры”, “АграБаравінцы”, “Радніку”, “Ляжнях”. Увабраліся ў палову і ў “Мішневічах”, гаспадарцы, якая па тэмпах уборачнай ў хвасце раённай зводкі.
Дзяржзаказ
З гаспадарак раёна працягваюць прывозіць зерне на дзяржзаказ. Яго прымаюць Полацкі і Віцебскі камбінаты хлебапрадуктаў.  На  раніцу 19 жніўня дзяржзаказ на Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў выканалі на  55%. Поўнасцю здалі даведзенае планам зерне дзяржаве з “Прыазёрнага міру”. На падыходзе – “Шумілінскі райаграсэрвіс” і СФГ “Раднік”.
На Полацкі КХП на 19 жніўня здалі 63%  збожжа на дзяржзаказ. “Пшаніцу здалі практычна ўсе гаспадаркі раёна, – кажа начальнік вытворчага ўчастка Полацкага камбіната хлебапрадуктаў М. А. Пісьменны. – Выключэнне, бадай, складаюць толькі “Мішневічы”.  “Шумілінскаму райаграсэрвісу” засталося здаць  сто тон ячменю”.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *