В этом году районная премия имени Героя Социалистического труда С. Т. Пальвинской вручена Н. Г. Бегуновой

Актуалии Людзі і лёсы Общество

Шчасце і слёзы мацярынства
З самага ранняга дзяцінства, яшчэ даволі туманна ўсведамляючы сваю прыналежнасць да жаночага полу, мы настойліва пачынаем рэпеціраваць самую галоўную ролю. Не азмрочаная стэрэатыпамі дзіцячая свядомасць беспамылкова падказвае, што мамай быць добра, мамай быць пачэсна, што гэта – самае галоўнае ў жыцці. Гэта потым нехта выбера кар’еру, фігуру ці “спакойнае” існаванне. Але такіх зусім не многа. Ды і гаворка зараз не пра іх.
Наіўна думаецца, што пра маму расказваць лёгка. Тым больш пра добрую, клапатлівую… Сапраўдную. А вось і не. Бо дужа хочацца знайсці такія словы, якія яшчэ ніхто не дадумаўся сказаць, хочацца, каб кожны зразумеў, адчуў тую любоў, якая існуе ў адзіным экзэмпляры, якая непаўторная, якая ў кожнай маці свая — шчымлівая, дарагая.
Ніна Гаўрылаўна Бегунова пра сваіх дачок можа расказваць доўга і без перапынку. Прычым, з дакладнымі спасылкамі на выпадкі з дзяцінства, з ёмкімі апісаннямі характараў кожнай, звычак, асаблівасцяў у паводзінах. І яны ў яе толькі “Крысціначка і Насцечка”, і ніяк інакш. І зусім не важна, што Крысціначцы, скажам, ужо 22, яна даўно і з поспехам працуе медыцынскай сястрой і вучыцца ва ўніверсітэце. Самастойная. Сама можа падтрымаць маці ў любой сітуацыі. Гэта і ёсць дывідэнды, якія Ніна Гаўрылаўна, аддаўшы ўсю сябе да рэшты дзецям, атрымлівае сёння.
Ёй сапраўды ўдалося стварыць моцную сям’ю (хай прабачаць мужчыны, але, на маю думку, ў гэтай справе менавіта жанчыны — галоўныя). Такую, дзе ўсе заадно, дзе кожнаму баліць за іншага, дзе проста спакойна і надзейна кожны дзень. Гэта прыгожая жанчына, здаецца, ведае ісціну, тое самае галоўнае пра жыццё, што дапамагае жыць, дае сілы ў любой сітуацыі. Нават у самай страшнай, калі лёс гатовы без папярэджання, без аб’яўлення прыгавору забраць у цябе самае дарагое. Калі два гады таму з яе чатырнаццацігадовай Насцечкай здарылася трагедыя, жанчына думала толькі пра адно: каб Бог падсілкаваў яе дух, каб сэрца вытрымала гэта нечалавечае гора і не разарвалася ад болю. І яна вытрымала, яны вытрымалі. Ніна Гаўрылаўна ўпэўнена, што толькі агульная, бязмежная любоў і клопат усіх членаў сям’і прымусілі дзяўчынку, якая пасля таго страшнага здарэння на дарозе, калі яе збіла машына, атрымала безна-дзейны дыягназ урачоў, сёння можа сядзець, рухацца, усміхацца, жыць. Вельмі моцныя, значыць, тыя сувязі, што існуюць паміж сапраўды блізкімі людзьмі на іншым, нематэрыяльным узроўні. Там, дзе здараюцца цуды.
Пры ўсім гэтым Ніна Гаўрылаўна даволі бескампрамісная ў пытаннях выхавання. Таму паміж словамі строгасць і выхаванне яна і сёння не задумваючыся паставіла б знак роўнасці. “Ні на хвіліну нельга прыпыняцца ў выхаванні самых галоўных чалавечых якасцяў у дзецях і наогул у гэтым працэсе. Добразычлівасць, неабыякавасць да чужога болю, справядлівасць, чэснасць – паняцці вечныя і зусім не абстрактныя”, — упэўнена жанчына, маці, настаўніца. Дарэчы, патрабавальны ў першую чаргу да сябе чалавек застаецца такім, якую б сацыяльную ролю ён не выконваў. Як маці, як дырэктар школы, як гаспадыня вя-лізнай сядзібы, як жонка, як субяседніца – Ніна Гаўрылаўна стараецца быць дасканалай. І ў яе атрымліваецца. І ў яе многаму можна вучыцца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 15.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *