На кожнага шумілінца – па дрэву
Пасадзіць па дрэву на кожнага працуючага жыхара раёна — менавіта такая задача пастаўлена раённым штабам па добраўпарадкаванню сёлета. І сапраўды, пусткі ля новабудоўляў ці вытворчых аб’ектаў, што зарастаюць пустазеллем і лазой, не выклікаюць ніякага задавальнення, не надаюць населеным пунктам прывабнасці і прыстойнага знешняга выгляду. А вось кляновыя ды бярозавыя, ліпавыя ды рабінавыя алеі ўпрыгожваюць наваколле, ахоўваюць жылыя раёны ад аўтамабільных выкідаў і шуму, ствараюць утульныя зоны адпачынку.
Пасадачным матэрыялам забяспечвае лясгас: клёны, ліпы, бярозы паступаюць прама з лесу. На жаль, асартымент беднаваты, бо спецыяльнага пітомніка дэкаратыўных дрэў і кустоў шумілінскія лясгасаўцы пакуль што не маюць.
З пачатку восені на шумілінскіх вуліцах ужо пасаджана звыш 500 новых дрэў. Кляновыя алеі праз некалькі гадоў зашумяць на вуліцах 70 год БССР, Суворава, Кааператыўнай. У планах – пашырэнне парка ля возера, дзе меліяратары спланавалі ўчастак, расчысцілі яго ад лазы, зараснікаў трыснягу і пустазелля. Наогул кожны жыхар раёна, кожная арганізацыя і прадпрыемства могуць знайсці месца, каб прыкласці рукі і каб прыгажосці ў нашым жыцці стала больш.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №80 ад 15.10.2010 г.