У рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі “Музей у чамадане”, які праходзіў у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі ”Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, васьмікласнік Дзмітрый Емяльянаў з СШ № 1 заняў другое месца. Хлопец прыехаў дадому з граматай і памятным падарункам.
У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці было ўсяго 12 чалавек, конкурс праходзіў на працягу тыдня ў рэспубліканскім Цэнтры турызму і краязнаўства. “Было здорава, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Дзмітрый. – Лічу, што такія конкурсы патрэбныя, бо зараз многія старшакласнікі праяўляюць цікавасць да вывучэння роднага краю, да мінулага сваёй радзімы”.
Дарэчы, для свайго выступлення на рэспубліканскім конкурсе Дзмітрый выбраў намінацыю “Партфель настаўніка”. І на працягу 10 хвілін расказваў пра экспанаты свайго школьнага музея, якія калісьці змяшчаліся ў партфелі настаўніка – пра школьны званок, чарнільніцу, пёравую ручку, пропісі. Расказаў і пра рэцэпт вырабу чарнілаў, прапанаваў слухачам напісаць пёравай ручкай літары ў пропісях, якім амаль сто гадоў. Дарэчы, з гэтым заданнем справіліся далёка не ўсе. Журы спадабалася экскурсія Дзмітрыя Емяльянава, яго аратарскія здольнасці, эмацыянальнасць, уменне працаваць з аўдыторыяй.
Дарэчы, юныя экскурсаводы музея СШ №1 і раней удзельнічалі ў многіх конкурсах краязнаўчага накірунку, але такая перамога ў рэспубліканскім конкурсе – упершыню. І вялікая заслуга ў гэтым кіраўніка школьнага музея Святланы Уладзіміраўны Емяльянавай, якая так добра падрыхтавала свайго сына Дзмітрыя да рэспубліканскага конкурсу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №61 ад 06.08.2013 г.