Где проводят каникулы студенты и школьники Шумилинщины

Актуалии Молодёжь Образование

Школьники работают в ПМК-70 на строительстве нового дома в Шумилино

На фермах і зернесушылках
Лета – не толькі час адпачынку, а  і рэальная магчымасць падзарабіць, лічаць старшакласнікі Мішневіцкай школы, якія нядаўна ўладкаваліся працаваць у КУСГП “Мішневічы”.  Хлопцы (іх усяго восем чалавек) спачатку працавалі ў майстэрні – наводзілі там парадак. А цяпер для іх шмат работы на зернесушылцы.
“Школьнікі ў нас летам працуюць кожны год, – кажа намеснік дырэктара па сельгасвытворчасці С. М. Касцюковіч. –  На сушылцы шмат ручной работы: і рапс варушыць трэба,  і насенне шматгадовых траў, каб лепш прасыхала, і парадак наводзіць на тэрыторыі.  Нашым памочнікам па 14-16 гадоў. Працуюць добра, стараюцца. Некаторыя з іх ужо не першае лета на такой рабоце”.
Працуюць школьныя атрады ў ААТ “Лаўжанскае”,  у “Сіроцінскім”, “Ульскім”, “АграБаравінцы”. А вось ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” на мінулым тыдні дзеці толькі яшчэ ўладкоўваліся на работу. І першай сюды прыйшла працаваць Марыя Багданава з СШ № 2. Разам з рабочымі падчас нашага прыезду яна прасявала праз сіта насенне купкоўкі. “Думаю працаваць тут  месяц, –  кажа дзяўчына. – Чатыры ці пяць гадзін у дзень – гэта нямнога. Затое, зараблю грошай на абновы”.
А вось у “Прыдзвінскім” свой працоўны атрад –  студэнцкі.  Справа ў тым, што многім мясцовым юнакам і дзяўчатам гаспадарка давала накіраванне на вучобу. І восем студэнтаў на месяц-другі прыехалі. “Будучыя механізатары, слесары, ветурачы нам здорава дапамагаюць, – кажа дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – Зараз працуюць на ферме Гаравыя. Сюды мяркуем ставіць восенню цялят, таму трэба навесці парадак. І студэнты з гэтым спраўляюцца”.
У лясгасе
Практычна месяц працуе школьны працоўны атрад у лясгасе. Асноўная работа –  праполка. У цяпліцах з маленькімі саджанцамі, у дэндрапарку, у пітомніку. “Некаторыя не вытрымліваюць такой работы: чатыры гадзіны палоць гэта цяжка  – і спіна ные, і рукі-ногі баляць. Некаторыя папрацуюць тыдзень – ды ходу ад нас, – кажа галоўны ляснічы І. А. Трыногін. – Але застаўся касцяк самых вынослівых –  шасцёра рабят, працуюць больш за месяц. Самыя старанныя зарабляюць у нас па 50-70 тысяч за дзень”.
Дарэчы, у лясгасе  патрэбны рабочыя рукі на праполку пітомніка ў Полцеве. Так што ўладкавацца сюды можа кожны жадаючы, каму споўнілася 14 гадоў.
“Мы заключылі дагавор з райкамам БРСМ, – кажа Іван Аляксандравіч. – І вельмі спадзяемся, што тыя дваццаць старшакласнікаў з СШ № 1 і СШ № 2, што планавалі да нас ўладкавацца, прыйдуць  папрацаваць хаця б на адзін месяц”.
У камунгасе
Працуюць школьнікі  і ў камунгасе. Праўда, на мінулым тыдні тут было толькі трое хлопцаў – яны прадоўжылі дагавор з прадпрыемствам яшчэ на месяц. На месца дзвюх дзяўчынак, якія звольніліся, уладкаваліся на работу іншыя.
“Дзеці да нас прыняты прыбіральшчыкамі тэрыторый, – кажа старшы інспектар па кадрах УП ЖКГ С. Э. Лакетка. – Строга сочым за тым, каб для дзяцей не было шкодных умоў працы. Падлеткі поляць і паліваюць кветкі, займаюцца ўборкай тэрыторый. Захоўваем працоўнае заканадаўства – дзеці працуюць не больш чым па 23 гадзіны за тыдзень. Тыя, хто адпрацаваў месяц, атрымалі ўжо па 1,4 мільёна рублёў заробку”.
Дарэчы, тыя хлопцы і дзяўчаты, хто прыйшоў працаваць у камунгас, атрымалі тут свае першыя працоўныя кніжкі. І працоўны стаж у некаторых пачаўся з 14 гадоў. Такую практыку выдачы працоўных кніжак варта было б пераняць і іншым прадпрыемствам.
На Обальскім керамічным
На Обальскім керамічным заводзе сёлета працуе студэнцкі атрад з Гарадоцкага аграрна-эканамічнага каледжа.  Кіраўніцтва завода заключыла дагавор з каледжам і пайшло студэнтам насустрач: дало бясплатна інтэрнат, арганізавала бясплатнае харчаванне, выпісала працоўныя кніжкі, не вылічвае падаходны падатак.  Толькі вось аддачы пакуль завадчане  не адчулі.
“Не выконваюць даведзеныя  нормы па складванні і сарціроўцы цэглы,  а сёння вось увогуле двое хлопцаў не выйшлі на работу, – кажа намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Н. В. Будневіч. – Нас такая работа не задавальняе. Калі так будзе і далей, то прыйдзецца скасаваць дагавор  і адправіць студэнтаў назад. Пра гэта мы паведамілі ўжо кіраўніцтву Гарадоцкага каледжа.  Не скажу, што сярод 18 хлопцаў, будучых электрыкаў і механікаў, лянуюцца ўсе. Ёсць і працалюбівыя”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *