Як замяніць вадзіцельскае пасведчанне?
Чытачы сайта раённай газеты папрасілі расказаць праз раёнку пра працэдуру замены вадзіцельскага пасведчання.
Гэта пытанне мы адрасавалі начальніку ДАІ РАУС М. У. Гаралевічу. Ён параіў часцей заглядваць у вадзіцельскія правы, каб не аказалася так, што яны пратэрмінаваныя. У такім разе прыйдзецца плаціць штраф ад 5 да 20 базавых велічынь. “А ўвогуле наконт замены вадзіцельскага пасведчання да нас у ДАІ прыходзіць не трэба, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – Перш за ўсё варта прайсці па месцы жыхарства медкамісію і атрымаць медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. З гэтай даведкай, вадзіцельскім пасведчаннем і талонам папярэджання трэба ехаць у міжраённы рэгістрацыйна-экзаменацыйны аддзел ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама па адрасе: г. Віцебск, Маскоўскі праспект, д. 57. Аддзел працуе з аўторка па суботу ўключна з 8.00. да 16.00 (з 13.00 да 14.00 – перапынак на абед). Нядзеля і панядзелак – выхадныя”.
Дарэчы, вадзіцельскае пасведчанне выдаецца на дзесяць гадоў. Але бываюць выпадкі, што яго трэба мяняць і раней. Скажам, калі чалавек змяніў прозвішча, то трэба мяняць і вадзіцельскае пасведчанне.
Атрымліваюць паўторна (а некаторыя ў трэці ці чацвёрты раз) вадзіцельскія пасведчанні і тыя, каго пазбавілі вадзіцельскіх правоў. “Для такіх абавязковы тэарэтычны і практычны экзамен, – працягвае М. У. Гаралевіч. – Але тут трэба ведаць адзін нюанс: нельга праходзіць медыцынскую камісію раней, чым за месяц да заканчэння тэрміну пазбаўлення, інакш медыцынская даведка будзе несапраўднай”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Большое спасибо. +50 к авторитету))