“Зялёны пажар”
Калі чалавек пачынае змяняць прыроду, умешвацца ў натуральныя прыродныя працэсы, з’яўляюцца памылкі, на выпраўленне якіх патрабуюцца гады і дзесяцігоддзі, калі іх наогул можна паправіць. Вельмі часта выпадкова ці наўмысна чалавек прыносіць у прыроднае асяроддзе, якое сфарміравалася ў пэўных умовах, новыя расліны і жывёлы. Але ў новых умовах гэтыя “госці” (інвазіўныя, чужаземныя віды) хутка ператвараюцца ў “гаспадароў”, у агрэсараў .
Найбольш яркі прыклад – баршчэўнік Сасноўскага і баршчэўнік Мантэгацы (каўказскі), якія завезлі як высокаўраджайныя кармавыя культуры, завезлі без глыбокіх даследаванняў. Хутка высветлілася, што кармы з баршчэўніка шкодныя для жывёлы, а сам ён вельмі небяспечны для чалавека. З палеткаў баршчэўнік убралі, але дзякуючы сваёй высокай здольнасці да размнажэння і агрэсіўнасці ён рассяліўся па ўскрайках палеткаў і пачаў пераможнае шэсце. Зараснікі баршчэўніку непрыдатныя для беларускіх жывёл і птушак, у яго няма шкоднікаў, якія б маглі стрымліваць наступ агрэсара, ён выціскае ўсе іншыя віды раслін.
Праграмы барацьбы з баршчэўнікам у Беларусі ствараюцца ўжо на дзяржаўным узроўні. За апошнія два гады ў нашай краіне ўдалося зменшыць плошчы баршчэўніку на 5-10%. У нашым раёне з пяці буйных ачагоў баршчэўніку два былі знішчаны ў 2011 годзе, паведаміла спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І. Г. Блізнец. Інспекцыя трымае на кантролі ачагі баршчэўніку, барацьба з ім вядзецца шляхам шматразовага скошвання і выкарыстання гербіцыдаў, каб не дапусціць утварэння насення.
Тым не менш гэтая расліна пашырае свае тэрыторыі. Дзе прарастае адна расліна, праз пару гадоў утвараюцца зарасці. Баршчэўнік селіцца там, дзе нельга прымяніць тэхніку для пераворвання ці дыскавання глебы. Яшчэ не позна рашуча ўзяцца за яго выкараненне і знішчыць небяспечную расліну. Незразумелая пазіцыя асобных гаспадароў, якія замест таго, каб адзін раз узяць рыдлёўку і вясной падрэзаць ці выкапаць некалькі раслін, гадамі змагаюцца з небяспечным “суседам” каля сваёй сядзібы.
Адным баршчэўнікам спіс небяспечных раслін не абмяжоўваецца. Да баршчэўніку Сасноўскага і баршчэўніку Мантэгацы (каўказскага) дабавіліся яшчэ чатыры віды. Гэта сумнік канадскі (рус. – золотарнник, солидаго), клён ясенялісцевы (амерыканскі), рабінія ілжэакацыя (“белая акацыя”) і эхінацысціс лапасцёвы (“шалёны агурок”).
Шалёны агурок вельмі палюбіў вільготныя мясціны, ён заплятае травяністую расліннасць, кусты, забіраецца нават на дрэвы – прыгнятае іх, выклікае гібель.
Сумнік небяспечны тым, што пагаршае харчовую каштоўнасць лугоў, выцясняе мясцовыя карысныя травы.
Клён ясенялісцевы засмечвае лугі і пашы, лясы. Да таго, дрэва мае уласцівасці падаўляць развіццё мясцовых парод (дуб, таполя, вярба). Пылок амерыканскага клёну – моцны алерген. Па апошніх даных дрэва мае канцэрагенныя ўласцівасці.
Рабінія ілжэакацыя ў лясах выціскае мясцовыя віды дрэў, фарміруе нехарактэрнае травяное покрыва, парушае прыродны цыкл азоту ў глебе.
Гэтыя расліны ЗАБАРОНЕНЫ для вырошчвання, размнажэння і рэалізацыі!
Вучоныя вывучаюць ступень пагрозы расліннаму свету рэспублікі, якая зыходзіць ад гэтых раслін. Ствараюцца карты тэрыторый, на якіх растуць інвазійныя расліны, ацэньваецца іх колькасць, распрацоўваюцца мерапрыемствы па барацьбе з агрэсіўнымі відамі.
Усяго ж у Беларусі налічваецца 301 від інвазійных раслін, яны займаюць плошчу больш за 9,6 тысячы га. З гэтага спісу ў небяспечныя трапляе ўсё больш і больш раслін. Налічваецца 4,4 тысячы папуляцый такіх раслін.
Праблема інвазіўных раслін у Беларусі звязана з нізкай культурай людзей, якія выкідваюць дэкаратыўныя расліны, які разрасліся, са свайго прысядзібнага ці дачнага ўчастка.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.
интересный репортаж!