“Падзяліць грошы, калі яны ёсць, не так складана, як іх сабраць”
Размова, да якой напярэдадні прафесійнага свята мы запрасілі начальніка падатковай інспекцыі раёна А. С. Мужаву, пачалася, ні многа-ні мала, з абмеркавання кансалідаванага бюджэту, які, дарэчы, нашым раёнам выконваецца і нават перавыконваецца.
– За гэты год у кансалідаваны бюджэт павінна паступіць больш за 116 мільярдаў. Гэта ў два-тры разы больш, чым у іншых, аналагічных нашаму, сельскіх раёнах вобласці. У фарміраванні бюджэту непасрэдна Шумілінскага раёна ўдзельнічаюць 291 арганізацыя, 203 індывідуальныя прадпрымальнікі і больш за 8,5 тысячы фізічных асоб. Галоўная задача падатковых органаў – напоўніць дзяржаўную казну. Але акрамя гэтага мы ажыццяўляем і кантрольныя функцыі, займаемся налічэннем маёмасных падаткаў, вядзем работу па дэклараванні.
– Цікава, наколькі сумленныя шумілінцы ў разліках з падатковай інспекцыяй, і якія метады “ўнушэння” вы выкарыстоўваеце?
– Ведаеце, ёсць шэраг фізічных асоб, якія не хочуць, не хацелі і ўжо, пэўна, не захочуць сумленна плаціць падаткі, выконваць свае абавязацельствы, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Канешне, дужа багатых у нас няма, але ў нас ёсць так званыя сераднякі – людзі, якія, здаецца, і дамы нядрэнныя пабудавалі, і на аўтамабілі не самым танным ездзяць, але нідзе не працуюць, афіцыйнага даходу не маюць і падаткаў не плацяць. Вось з такой катэгорыяй мы працуем штодзённа і карпатліва. Мы збіраем дасье на такога чалавека, супастаўляем яго расходы з даходамі.
– І як жа такія знаходлівыя таварышы “апраўдваюць” сваё нябеднае жыццё?
– Пазыка. Часцей за ўсё – з Расійскай Федэрацыі. Але, дзякуючы зменам у заканадаўстве, гэтыя хітрыкі ўжо не спрацоўваюць. Па такіх аперацыях за пяць месяцаў мы даналічылі 13 мільёнаў.
– Спакой вам толькі сніцца, але ведаю, што нядаўна ваша структура перажыла аптымізацыю кадраў. Наколькі гэта паўплывала на рытм работы?
– Так, сапраўды, нас засталося ўсяго 12 чалавек (было 18), таму на кожнага падатковага інспектара нагрузка павялічылася. Але тым не менш, мы гатовы працаваць, выконваць ранейшыя задачы.
– Але ж – не хлебам адзіным, што называецца. Да нас даходзяць чуткі, што падаткавікі вядуць усебакова актыўнае і цікавае жыццё.
– Ёсць у нас актывісты, якія пастаянна ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах рэспубліканскага фармату і абараняюць гонар падатковых работнікаў вобласці. Да прыкладу, Аляксей Ільінец і Дзмітрый Байдакоў. Вось нядаўна яны ўдзельнічалі ў турзлёце, і каманда Віцебскай вобласці паказала добры вынік.
– І гэта, заўважу, зусім не здзіўляе, калі ўлічыць той факт, што за штурвалам арганізацыі – жанчына, ва ўсіх адносінах прывабная. Ёсць на каго раўняцца. Ведаю, што ў раёне Вас лічаць прыкладам сучаснай жанчыны-кіраўніка, калі выдатныя прафе-сійныя, арганізатарскія здатнасці спалучаюцца з уменнем сябе прэзентаваць, заўжды добра выглядаць. Цікава, як Вы размяркоўваеце дзень?
– Раніцай – не скажу, што зарадку, але нешта падобнае раблю абавязкова, потым – чай, лёгкі сняданак. Ды, і наогул, як бы цяжка ні было, якія б праблемы ні прыходзілася вырашаць, нельга забываць, што ты жанчына і проста абавязана добра выглядаць. Хачу сказаць, што гэта, магчыма, і на генетычным узроўні сфарміравалася. І маці, і бабуля мае сачылі за сваім знешнім выглядам.
– Можна зрабіць выснову, што на Вас раўняюцца і Вашы падначаленыя. Ва ўсялякім разе, жаночая іх палова.
– Ведаеце, справа ў тым, што існуе імідж падатковага работніка і рамкі, за якія нельга выходзіць. Стараемся адпавядаць.
– Гэты факт, можна не сумнявацца, істотна ўплывае і на вынікі работы.
– Так, але трэба прызнаць, што вобраз падатковага інспектара рэдка выклікае пачуццё замілавання, хутчэй – наадварот. Вось і ў Бібліі такіх, як мы, называлі не інакш, як мытарамі. Але тым не менш, я лічу, што падатковая служба – самая важная з усіх дзяржаўных службаў. Раздзяліць грошы, калі яны ёсць, – не так складана, як іх сабраць.
Алена Сяргееўна Мужава мае права рабіць такія гучныя вывады, бо падатковай службе пры-свяціла больш за 20 год свайго жыцця. Ад прапаноў з’ехаць з раёна працаваць у Віцебск адмаўляецца, маўляў, прырасла да Шуміліна.
Гутарыла
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2013 г.